Папа Рымскі сустрэўся з Патрыярхам Канстантынопальскім

Барталамей І стаў 17 верасня госцем Папы Францішка. Сустрэча прайшла ў ватыканскім Апостальскім палацы. Патрыярха Канстантынопальскага суправаджала праваслаўная дэлегацыя.

Сустрэчы Францішка і Барталамея І носяць рэгулярны характар. Праваслаўны іерарх неаднаразова наведваў Ватыкан, Францішак быў з візітам у рэзідэнцыі Патрыярха Канстантынопальскага. Яны сустракаліся падчас пілігрымкі Пантыфіка ў Святую Зямлю, разам наведвалі бежанцаў на грэчаскім востраве Лесбас.

Некалькі дзён таму Францішак напісаў ліст да Барталамея І, у якім заўважыў, што для шляху дыялогу патрэбны духоўнае навяртанне і абноўленая вернасць Пану, Які чакае ад нас большай залучанасці і новых мужных крокаў. Цяжкасці і рознагалоссі, паводле Папы, не павінны адрываць хрысціян, асабліва пастыраў Касцёла, ад іх абавязку і адказнасці перад Богам і гісторыяй.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку