Папа Рымскі пра існаванне “пандэміі” голаду, войнаў, непісьменнасці

14 мая 2020 года, падчас ранішняй Эўхарыстыі, Папа Францішак заклікаў у гэты крызісны час не паддавацца эгаізму, думаючы толькі пра сваю бяспеку, але памятаць і пра іншых.

У гаміліі Пантыфік спаслаўся на чытанне з Кнігі прарока Ёны, у якім апавядаецца пра пакаянне жыхароў Нінівы. Яны паслухалі голасу прарока, навярнуліся і такім чынам змаглі ўратаваць свой горад ад разбурэння, здолелі збавіцца ад “маральнай пандэміі”, — заўважыў Папа Францішак.

Святы Айцец нагадаў, што 14 мая вернікі ўсіх веравызнанняў далучыліся да малітвы, посту і пакаяння ў інтэнцыі спынення пандэміі каронавіруса.

“Кожны з нас моліцца, супольнасці моляцца, канфесіі моляцца: моляцца да Бога ўсе браты і сёстры, з’яднаныя ў братэрстве, якое лучыць нас у гэты балючы і трагічны перыяд”, — сказаў Пантыфік.

Папа Францішак заўважыў, што пандэмія прыйшла нечакана, і цяпер шмат людзей памірае ў адзіноце і бездапаможнасці. Ён заклікаў не паддавацца эгаізму, думаючы толькі пра сваю бяспеку, але памятаць і пра іншых людзей.

“Падумаем пра трагедыю, пра эканамічныя наступствы, пра наступствы, якія маем цяпер і якія будуць потым”, — дадаў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што знойдуцца людзі, якія будуць крытыкаваць ініцыятыву, называючы яе праявай недапушчальнага рэлігійнага рэлятывізму.

“Чаму нельга маліцца да Айца ўсіх? Кожны павінен маліцца так, як умее, згодна са сваёй уласнай культурай. Мы не молімся адзін супраць аднаго, але яднаемся як людзі, як браты і сёстры, скіроўваючы нашы малітвы да Айца, згодна з нашай культурай, традыцыяй, рэлігійнымі звычаямі”, — патлумачыў Пантыфік.

Папа Францішак звярнуў увагу на існаванне іншага роду пандэміі. Яна таксама вядзе да гібелі людзей, толькі гэтага ніхто не заўважае. “Мы не зусім усведамляем існаванне гэтых трагедый у свеце ў наш час. На працягу чатырох першых месяцаў гэтага года ад голаду памерлі 3,7 мільёнаў чалавек”, — заўважыў Папа. Ён нагадаў пра існаванне “пандэміі” вайны і адсутнасці доступу да адукацыі.

“Няхай Бог спыніць гэту трагедыю, няхай спыніць гэту пандэмію. Няхай Бог злітуецца над намі і спыніць таксама і іншыя, не менш смяротныя віды пандэміі: голад, войны, непісьменнасці сярод дзяцей. Будзем прасіць аб гэтым як браты, усе разам. Няхай Бог благаславіць усіх нас і змілуецца над намі”, — сказаў на заканчэнне гаміліі Святы Айцец.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку