Папа прызначыў дапаможнага біскупа для дыяцэзіі ў Маскве

Біскуп Мікалай Дубінін

Пантыфік прызначыў 30 ліпеня 2020 г. дапаможнага біскупа архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве. Ім стаў а. Мікалай Дубінін з Генеральнай кустодыі Ордэна канвентуальных францішканаў у Расіі.

Новы біскуп нарадзіўся 27 мая 1973 г. у Навашахцінску, у Растоўскай вобласці, на поўдні Расіі. Праходзіў манаскую фармацыю ў Польшчы. Вечныя шлюбы склаў 3 кастрычніка 1998 г. Святарскае пасвячэнне атрымаў 24 чэрвеня 2000 г. У 2002-2005 гг. праходзіў навучанне ў Інстытуце душпастырскай літургіі Санта-Джусціна ў італьянскай Падуі.

Мансеньёр Дубінін з 2005 г. па 2018 г. быў кустодам Генеральнай кустодыі св. Францішка Асізскага Ордэна канвентуальных францішканаў. З 2005 г. з’яўляецца дырэктарам Францішканскага выдавецтва ў Маскве. З 2006 г. – выкладчыкам літургіі і гамілетыкі ў Каталіцкай семінарыі Марыя – Каралева Апосталаў у Санкт-Пецярбургу і сакратаром Камісіі па літургіі пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Расіі. З 2008 г. па 2013 г. працаваў намеснікам галоўнага рэдактара Рускай каталіцкай энцыклапедыі. З 2009 г. з’яўляецца старшынёй Расійскай канферэнцыі вышэйшых настаяцелей (CORSUM). З 2015 г. узначальвае Архідыяцэзіяльную камісію па катэхезе і літургіі. Размаўляе на рускай, польскай і італьянскай мовах, ведае англійскую і беларускую.

Мікалай Дубінін стаў першым дапаможным біскупам у Каталіцкім Касцёле ў Расійскай Федэрацыі пасля яго адраджэння.

Цяпер Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Расіі складаецца з пяці іерархаў. Апрача біскупа Мікалая Дубініна ў яе ўваходзяць: біскуп Іосіф Верт SJ, пастыр Праабражэнскай дыяцэзіі ў Новасібірску; біскуп Клеменс Пікель, пастыр дыяцэзіі св. Клімента ў Саратаве; біскуп Кірыл Клімовіч, пастыр дыяцэзіі св. Юзафа ў Іркуцку; арцыбіскуп Павел Пецы, пастыр архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку