Папа прызначыў пасланніка ў Меджугор’е

Папа Францішак прызначыў 11 лютага арцыбіскупа Варшаўска-Пражскага Хенрыка Хосэра спецыяльным пасланнікам Апостальскай Сталіцы ў Меджугор’е. 

Яго місія будзе заключацца ў грунтоўным знаёмстве з душпастырскай сітуацыяй у гэтым месцы і асабліва з патрэбамі вернікаў, якія здзяйсняюць сюды пілігрымаванні, а таксама ў тым, каб на падставе атрыманай інфармацыі прапанаваць неабходныя душпастырскія ініцыятывы. Місія будзе насіць выключна душпастырскі характар.

Прадугледжваецца, што арцыбіскуп Хосэр, які працягне выконваць абавязкі арцыбіскупа Варшаўска-Пражскага, споўніць свой мандат да лета бягучага года, гаворыцца ў спецыяльным паведамленні Залы Друку Апостальскай Сталіцы.

Меджугор’е знаходзіцца ў дыяцэзіі Мостар ў Босніі і Герцагавіне. Па словах маладых жыхароў горада, 24 чэрвеня 1981 года ім стала аб’яўляцца Маці Божая, перадаючы пасланні. Гэтыя “аб’яўленні” працягваюцца па сённяшні дзень; яны звязаны не з канкрэтным месцам, бо адбываюцца і за межамі Меджугор’я, але з асобамі візіянераў. Менавіта беспрэцэдэнтная ў гісторыі працягласць такога роду з’яў і адсутнасць іх канчатковага завяршэння з’яўляюцца галоўнымі прычынамі, чаму Касцёл не выказваецца канчаткова на тэму іх звышнатуральнага характару.

Да гэтага часу Апостальская Сталіца прызнае сапраўднай пазіцыю епіскапату былой Югаславіі з 1991 года, згодна з якой не можна пацвердзіць звышнатуральны характар з’яў з Меджугор’я. 

18 студзеня 2014 года завяршыла працу міжнародная камісія па вывучэнні меркаваных марыйных аб’яўленняў пад старшынствам кардынала Каміла Руіні. Вынікі яе працы пакуль не былі апублікаваны.

Кожны год у Меджугор’е прыбывае каля 2 млн. асоб.

Ватыканскае радыё

для друку для друку