Папа прыняў новыя нормы “сужэнскага працэсу”

papaПапа Францішак зацвердзіў змены, якія тычацца паскарэння кананічнага працэсу прызнання несапраўднасці сужэнства. 8 верасня ў Ватыкане былі апублікаваны і прадстаўлены два адпаведныя Апостальскія лісты ў форме “Motu proprio”: “Mitis Iudex Dominus Iesus” (Лагодны суддзя Пан Езус) для Кананічнага права Касцёла і “Mitis et misericors Iesus” (Лагодны і міласэрны Езус) для Кодэксу канонаў Усходніх Касцёлаў.

Святы Айцец пастанавіў, што для прызнання несапраўднасці сужэнства будзе дастаткова рашэння суда першай інстанцыі. Раней, аднолькавы вердыкт павінны былі вынесці па меншай меры касцёльныя суды двух інстанцый, а ў некаторых выпадках патрабавалася рашэнне трэцяй – звычайна Трыбуналу Рымскай Роты.

Адным з новаўвядзенняў стала магчымасць правядзення так званага “кароткага працэсу”, калі несапраўднасць сужэнства пацвярджаецца відавочнымі аргументамі і ў суд звяртаюцца абодва бакі.

Канчатковае рашэнне ў такіх справах можа выносіць сам дыяцэзіяльны біскуп. Але ён можа таксама перавесці справу ў “звычайны працэс”. На рашэнне біскупа можа падавацца апеляцыя. Ён можа таксама прызначаць адзінага суддзю, прадстаўніка духавенства, калі ў дыяцэзіі няма магчымасці стварыць суд.

Святы Айцец лічыць, што судовыя працэсы павінны быць бясплатнымі, “каб Касцёл, паказваючы сябе шчодрай маці для вернікаў, у пытанні настолькі блізка звязаным са збаўленнем душаў, дэманстраваў бескарыслівую любоў Хрыста, якой усе мы былі збаўлены”.

Вывучэннем праблематыкі і падрыхтоўкай рэформы займалася спецыяльная камісія, створаная Пантыфікам 27 жніўня 2014 г. Гаворка не ідзе аб так званым “ануляванні” сужэнства.

Касцёл не можа адмяніць сапраўднага сужэнства, але выключна сцвердзіць, што яно з’яўляецца несапраўдным або ніколі не было заключана, калі для гэтага не хапала ўмоў. Новаўвядзенні пакліканы “спрыяць не прызнанню несапраўднасці сужэнстваў, але паскарэнню працэсаў”.

Змененыя Папам нормы Кананічнага права ў гэтым пытанні існавалі з XVIII ст. Пра неабходнасць гэтага гаварылася падчас Сінода Біскупаў у 2005 г. і падчас пазачарговай сесіі Сінода Біскупаў у кастрычніку 2014 г.

Але як паясняе старшыня Папскай рады па інтэрпрытацыі заканадаўчых тэкстаў кардынал Франчэска Кокапальмерыа,  Апостальскім лістом “Mitis Iudex Dominus Iesus” аб паскарэніі працэсу прызнання несапраўднасці сужэнства папа Францішак не змяняе навучанне Касцёла і не ўводзіць “касцёльных разводаў”, але спрашчае некаторыя працэдуры для душпастырскіх мэтаў.

“Мы размаўляем аб працэсе, які вядзе да прызнання несапраўднасці заключэння сужэнскага саюза. Гаворка ідзе пра тое, каб у першую чаргу ўбачыць ці сужэнства было заключана, і калі не было, прызнаць яго несапраўднасць. Тут не маеца на ўвазе працэс, які вядзе да “анулявання” сужэнскага саюзу”, — сказаў пурпутар.

Ватыканскі іерарх падкрэсліў, што несапраўднасць сужэнства і яго “ануляванне” – гэта дзве розныя рэчы. Сапраўднага сужэнства Касцёл “ануляваць” не можа.

Змены, прынятыя Пантыфікам, носяць душпастырскі характар і заключаюцца ў паскарэнні працэдур, каб хутчэй служыць вернікам. “Прынцыпы гэтата вельмі ясныя: працэс прызнання несапраўднасці сужэнства можа стаць хутчэйшым, аднак ён павінен здзейсняцца з пашанай да яго прыроды, якім з’ўляецца пошук праўды”, — заўважыў кардынал Кокапальмерыа, падчас прэзентацыі папскага дакумента ў Ватыкане.

Па матэрыялах Ватыканскага Радыё

для друку для друку