Папа прыняў на аўдыенцыі заснавальніка “Facebook”

Papa i Mark CykerbergПантыфік прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане заснавальніка і генеральнага дырэктара сацыяльнай сеткі “Facebook” Марка Цукерберга. Сустрэча прайшла 29 жніўня 2016 г. у Апостальскім палацы.

Амерыканскага праграміста і прадпрымальніка суправаджала жонка Прысцыла Чан.

У ходзе сустрэчы абмяркоўвалася “як выкарыстоўваць камунікатыўныя тэхналогіі для змягчэння вастрыні праблемы беднасці, спрыяння культуры сустрэчы і распаўсюджвання паслання надзеі, асабліва сярод самых абдзеленых”, паведаміў кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы Грэг Бёрк.

Святы Айцец не ў першы раз сустракаецца з прадстаўнікамі сусветнай інтэрнэт-індустрыі. У студзені 2016 г. ён прыняў на аўдыенцыі кіраўніка амерыканскай карпарацыі “Google” Эрыка Шміта, а праз тыдзень кіраўніка “Apple” Цімаці Кука.

Пасля з’яўленння профілю Францішка ў “Instagram”, Марк Цукерберг напісаў у “Facebook”: “Папа Францішак, вітаю у “Instagram”! Незалежна ад практыкаванай рэлігіі, нас усіх натхняе пакора і спачуванне Папы Францішка”.

Ён запэўніў, што будзе сачыць за профілем Пантыфіка і за яго “сталым абменам пасланнем міласэрнасці, роўнасці і справядлівасці ў свеце”.

Марк Цукерберг пракаментаваў свой візіт у Ватыкан і аўдыенцыю ў Святога Айца. “Прысцыла і я мелі гонар сустрэцца з Папам Францішкам у Ватыкане. Мы выказалі захапленне яго пасланнем міласэрнасці і пяшчоты і тым, як ён знайшоў новыя шляхі для камунікацыі з людзьмі розных веравызнанняў ва ўсім свеце”, — напісаў ён на сваёй старонцы ў “Facebook”.

Амерыканскі праграміст і прадпрымальнік распавёў, што падчас сустрэчы абмяркоўвалася важнасць сувязі паміж людзьмі, асабліва ў тых частках свету, якія не маюць доступу да інтэрнэту.

У якасці падарунка Марк Цукерберг уручыў Пантыфіку мадэль лятальнага апарату на сонечных батарэях “Аquila”, які з дапамогай лазеру будзе забяспечваць падключэнне да інтэрнэту ў месцах дзе яго няма.

“Гэта была сустрэча, якую мы ніколі не забудзем”, — прызнаўся заснавальнік і генеральны дырэктар “Facebook”.

Па матэрыялах Ватыканскага Радыё

для друку для друку