Папа прыняў на аўдыенцыі Леанарда Дзі Капрыа

Papa i Di Kaprio“Акцёр і абаронца навакольнага асяроддзя”, — менавіта так акрэсліў сябе на афіцыйнай старонцы ў “Твітэр” зорка амерыканскага кіно Леанарда Дзі Капрыа, якога 28 студзеня 2016 г. прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане Папа Францішак.

Знакаміты сваёй дзейнасцю ў галіне экалогіі акцёр пажадаў сустрэцца з Пантыфікам, якога лічыць вялікім аўтарытэтам у гэтай сферы, асабліва пасля публікацыі энцыклікі “Laudato si’”.

У снежні 2015 г. Дзі Капрыа выступіў на Міжнароднай канферэнцыі па клімаце, якая праходзіла ў Парыжы, а 19 студзеня 2016 г. на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе, падчас якога атрымаў прэмію “Crystal Award” за ўклад у абарону навакольнага асяроддзя.

Як паведаміў журналістам кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы, кс. Фэдэрыка Ламбардзі, аўдыенцыя адбылася па просьбе акцёра і ніяк афіцыйна не асвятлялася.

“Дзі Капрыа шмат займаецца праектамі па ахове навакольнага асяроддзя і звярнуўся з просьбай аб сустрэчы з Папам, якому таксама блізкая гэтая тэма”, — сказаў кс. Ламбардзі, нагадаўшы, што праблемы экалогіі былі ў цэнтры апошняй энцыклікі Пантыфіка “Laudato si’”.

Дзі Капрыа, адзін з самых папулярных і высокааплатных акцёраў Галівуда, актыўна займаецца дабрачыннай дзейнасцю ў галіне абароны навакольнага асяроддзя.

Ватыканскае Радыё

для друку для друку