Папа правёў сустрэчу з Каталікосам усіх армян Гарэгінам II

Папа Францішак правёў 24 кастрычніка ў Ватыкане кароткую сустрэчу з Каталікосам усіх армян Гарэгінам II. Візіт Іерарха ў Італію звязаны з святкаваннем 60-годдзя армянскай прысутнасці ў Мілане.

Іерарх назваў Папу Францішка сваім “духоўным братам”. “Для нас вельмі важныя адносіны паміж Цэрквамі, заснаваныя на любові, асабліва з улікам агульных праблем, звязаных з мірам і дабрабытам у свеце”, — сказаў Прадстаяцель, каментуючы свой візіт у Ватыкан.

Гарэгін ІІ быў абраны 132-м кіраўніком Армянскай Апостальскай Царквы ў 1999 годзе. Ён наведваў Вечны горад у 2000 годзе з нагоды Вялікага юбілею хрысціянства, а ў 2001 годзе сустракаўся з Папам Янам Паўлам ІІ ў межах Апостальскага візіту Пантыфіка ў Арменію. Гарэгін ІІ таксама прысутнічаў на пахаванні нядаўна кананізаванага Папы. У 2008 і 2012 гадах ён сустракаўся з Папам Бэнэдыктам XVI, а ў сакавіку 2013 года прысутнічаў на інаўгурацыі пантыфікату Папы Францішка, а ў 2016 годзе прымаў яго ў Ерэване.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку