Папа пра св. Імшу: “Ойча наш”, як падрыхтоўка да св. Камуніі

“Ойча наш” – гэта не проста адна з шматлікіх хрысціянскіх малітваў”, — заўважыў Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі, якая 14 сакавіка прайшла ў Ватыкане. Працягваючы цыкл катэхез аб структуры св. Імшы, ён распавёў пра малітвы і жэсты, якія папярэднічаюць прыняццю св. Камуніі.

Пантыфік нагадаў, што абрад Камуніі пачынаецца малітвай “Ойча наш”. Мы асмельваемся звяртацца да Бога, называючы Яго “Ойча”, таму што былі адроджаны як Ягоныя дзеці праз ваду і Святога Духа. Аднак, нярэдка сустракаюцца людзі, якія, прамаўляючы словы гэтай малітвы, насамрэч не ўспрымаюць Бога як свайго Айца, Айца ўсяго чалавецтва і Айца Езуса Хрыста, з жалем заўважыў Папа.

Паводле яго, ніводная іншая малітва не можа так добра падрыхтаваць вернікаў да сакрамэнтальнай лучнасці з Богам, як тая, якой навучыў Яго Сын. Яна вучыць сыноўскаму стаўленню да Пана і братэрскім адносінам да бліжняга, і, такім чынам, дапамагае нашай штодзённасці набыць “хрысціянскую форму”.

“У Малітве Панскай мы просім аб “штодзённым хлебе”, у якім заўважаем асаблівую спасылку на Эўхарыстычны Хлеб, якога патрабуем, каб жыць як Божыя дзеці. Просім таксама аб “адпушчэнні нашых правінаў”, а каб быць годнымі прыняць Божае прабачэнне, бяром абавязацельства прабачаць тых, хто нас пакрыўдзіў. Гэта няпроста, ці не так? Прабачаць людзей, якія нас пакрыўдзілі, гэта складана. Гэта ласка, аб якой мы павінны прасіць: “Пане, навучы мяне прабачаць, як ты прабачыў мяне…” Гэта ласка… Нашых сіл тут не дастаткова”, — сказаў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што, прамаўляючы словы малітвы “Ойча наш”, вернікі выказваюць жаданне трываць у еднасці з бліжнімі. “Адкрываючы наша сэрца на Бога, малітва “Ойча наш”, у той жа час, робіць нас адкрытымі на братэрскую любоў. Нарэшце, мы яшчэ просім Бога “вызваліць нас ад злога”, які адлучае ад Яго і аддаляе ад нашых братоў. Мы добра разумеем, што гэтыя просьбы вельмі падыходзяць, каб падрыхтаваць нас да св. Камуніі”, — дадаў Папа.

Францішак нагадаў, што пасля малітвы святара адбываецца Абрад супакою, які яшчэ са старажытных часоў быў змешчаны перад Эўхарыстычнай Камуніяй і своеасабліва падпарадкаваны ёй.

“Згодна з напамінам св. Паўла, мы не можам удзельнічаць у адзіным Хлебе, які робіць нас адзіным Целам у Хрысце, не прызнаючы сябе паяднанымі праз братэрскую любоў. Спакой Хрыста не можа ўкараніцца ў сэрцы, няздольным жыць братэрствам і адкрывацца пасля перанесенай раны. Спакой нам дае Пан. Таксама Пан дае нам ласку прабачаць тых, хто нас пакрыўдзіў…”, — сказаў Папа.

Пантыфік нагадаў, што затым адбываецца жэст ламання хлеба, які суправаджаецца малітвай “Баранку Божы”, у якой прызнаем Хрыста Адкупіцелем і просім: “Змілуйся над намі… адары нас супакоем”.

На заканчэнне сваёй катэхезы, Папа Францішак падкрэсліў, што частка св. Імшы ад малітвы “Ойча наш” да ламання хлеба дапамагае нам падрыхтаваць душу да ўдзелу у эўхарыстычнай вячэры, якая з’яўляецца крыніцай камуніі з Богам і братамі.

Ватыканскае радыё

для друку для друку