- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Папа папрасіў прабачэння ў вальдэнсаў

341x0i_w631h356 [1]“З боку Каталіцкага Касцёла я прашу вас аб прабачэнні за адносіны і паводзіны нехрысціянскія, і нават нялюдскія, якія мы мелі адносна вас у гісторыі. У імя Пана Езуса Хрыста, прабачце нас!”, — сказаў папа Францішак у Турыне 22 чэрвеня падчас сустрэчы з прадстаўнікамі Царквы Вальдэнсаў, найстарэйшай рэфармацкай супольнасці ў свеце. Упершыню ў гісторыі Пантыфік пераступіў парог храма вальдэнсаў.

Святы Айцец адзначыў, што адным з асноўных пладоў экуменічнага руху ў апошнія гады з’яўляецца “адкрыццё братэрства, якое злучае ўсіх, хто верыць у Езуса Хрыста і былі ахрышчаны ў Яго імя”. Гэта камуніія, якая яшчэ знаходзіцца на стадыі фарміравання праз малітву, пастаяннае асабістае і супольнае навяртанне, а таксама працу тэолагаў, можа ператварыцца ў поўную і бачную камунію ў праўдзе і любові, звярнуў увагу Францішак і дадаў, што адзінства не азначае аднастайнасці.
“Разважаючы пра гісторыю нашых адносін, мы можам толькі смуткаваць перад абліччам канфліктаў і насілля, учыненых у імя сваёй веры. І я прашу Пана даць нам ласку прызнаць сябе грэшнікамі і ўмець дараваць адзін аднаму”, — сказаў Папа, просячы прабачэння за “нехрысціянскія” адносіны католікаў да вальдэнсаў.

Гэта супольнасць пачала сваю дзейнасць у ХІІ ст. ідучы за сваім заснавальнікам Пятром Вальда, багатым чалавекам, які раздаў усю сваю маёмасць бедным, крытыкуючы вышэйшае духавенства за раскошу. Вальдэнсы не прызнавалі аўтарытэт Пантыфіка і патрабавалі рэформаў у Касцёле. У 1184 г. папа Луцый III наклаў на іх экскамуніку. Вальдэнсаў пераследавалі і прысуджалі да інквізіцыі. Сёння большасць з іх жыве ў альпійскіх далінах П’емонта, на тэрыторыі Ламбардыі і Венецыі. Царква Вальдэнсаў з’яўляецца другой па ліку пратэстанцкай супольнасцю ў Італіі з 30 тыс. вернікаў.

Ватыканскае радыё [2]