Папа папярэдзіў аб небяспецы «віртуальнага Касцёла»

Блізкасць з Панам павінна быць не гнастычнай і віртуальнай, а канкрэтнай – у супольнасці і сакрамантах, — нагадаў Папа падчас ранішняй св. Імшы, якую 17 красавіка 2020 г. цэлебраваў у Ватыкане.

У гаміліі Святы Айцец пракаментаваў літургічнае чытанне з Евангелля св. Яна (21,1-14), у якім апавядаецца, як уваскрослы Езус з’явіўся на беразе Тыберыядскага мора перад сваімі вучнямі, што вярталіся пасля няўдалай рыбнай лоўлі. На заклік Пана яны зноў закінулі сетку і “не маглі ўжо выцягнуць яе з-за мноства рыбы”.

Папа Францішак заўважыў, што гэта сцэна адбылася самым натуральным чынам, бо вучні ўжо добра ведалі Хрыста і адчувалі блізкасць з Ім. Таксама і мы, хрысціяне, на нашым жыццёвым шляху, павінны ўзрастаць у блізкасці Панам. Гэта блізкасць павінна станавіцца штодзённай. Павінна развівацца як на асабістым узроўні, так і на ўзроўні супольнасці.

“Блізкасць без супольнасці, блізкасць без Хлеба, блізкасць без Касцёла, без народа, без сакрамфнтаў – небяспечная. Яна можа стаць гнастычнай, індывідуалістычнай, адарванай ад Божага народу фамільярнасцю. Блізкасць апосталаў з Панам заўсёды насіла рысы супольнасці, заўсёды за сталом, была знакам супольнасці. Яна заўсёды была звязана з сакрамэнтам, з Хлебам”, — заўважыў Папа Францішак.

Гаворачы пра актуальную сітуацыю, выкліканую пандэміяй, Пантыфік заўважыў, што нават тады, калі вернікі ўдзельнічаюць у набажэнствах з дапамогай сродкаў камунікацыі, яны не знаходзяцца разам і не маюць магчымасці прымаць св. Камунію фізічным чынам. Гэта вымушаная сітуацыя, “але ў ідэале Касцёл заўсёды павінен быць з народам і сакрамантамі”.

“Касцёл, сакраманты, Божы народ – носяць канкрэтныя рысы. Гэта праўда, што цяпер мы павінны сведчыць блізкасць з Панам вось такім чынам, але робім гэта, каб выйсці з тунэля, не заставацца ў ім”, — адзначыў Святы Айцец.

Папа Францішак яшчэ раз падкрэсліў, што блізкасць апосталаў з Езусам была не гнастычнай, не віртуальнай, не індывідуалістычнай, але канкрэтнай: у супольнасці і сакрамантах. “Яны прайшлі шлях сталення ў блізкасці з Панам. Будзем вучыцца гэтаму ад іх”, — заклікаў вернікаў Пантыфік.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку