Папа падтрымаў манахінь, якія дапамагаюць ахвярам гандлю людзьмі

26 верасня 2019 г. Францішак сустрэўся з прадстаўнікамі “Talitha Kum” – сусветнай сеткі кансэкраванага жыцця супраць гандлю людзьмі. Яны праводзяць у Рыме сваю першую генеральную асамблею.

Пантыфік падзякаваў манахіням за “важную працу, якую яны робяць у гэтай вельмі складанай і драматычнай сферы”, і якая “спалучае ў сабе місію і супрацоўніцтва паміж установамі”. Ён назваў гэта сапраўднай “лініяй фронту”. “Працаваць разам – гэта прыклад. Гэта прыклад для ўсяго Касцёла, таксама і для нас: мужчын, святароў, біскупаў…”, — сказаў Папа.

Францішак указаў на важнасць праблематыкі, якая прысутнічае на генеральнай асамблеі. Тут абмяркоўваліся два асноўныя пытанні, звязаныя з з’явай гандлю людзьмі: сацыяльна-культурныя фактары, якія ўплываюць на статус жанчыны ў свеце, і неаліберальная мадэль развіцця, якой характэрны індывідуалізм. Пантыфік лічыць, што “гэта, несумненна, складаныя і неадкладныя праблемы, якія патрабуюць адэкватных і эфектыўных адказаў”.

Папа Францішак на сустрэчы з удзельнікамі першай генеральнай асамблеі TalithaKum

Папа падзякаваў усім жаночым інстытутам кансэкраванага жыцця, якія аказалі падтрымку сваім сёстрам у барацьбе з гандлем людзьмі і ў дапамозе ахвярам. На яго думку, улічваючы маштабы праблем, звязаных з гандлем людзьмі, неабходна прасоўваць сінергічную прыхільнасць з боку розных касцёльных інстытутаў.

“Ніколі не завяршайце дзень, не падумаўшы пра позірк адной з сустрэтых вамі ахвяр гандлю людзьмі: гэта будзе цудоўная малітва”, — пажадаў на развітанне Францішак.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку