Папа падчас Імшы ў Сант’яга: шчаслівыя міратворцы

“Шчаслівыя вы, якія пагаджаецеся быць заражанымі Духам Божым і змагаецеся і працуеце дзеля новага дня, дзеля новай Чылі, бо вашым будзе Валадарства Нябеснае”, — звярнуўся Пантыфік да ўдзельнікаў св. Імшы ў інтэнцыі міру і справядлівасці, якая адбылася 16 студзеня ў другой палове дня ў парку імя Бернарда О’Хігінса ў Сант’яга-дэ-Чылі.

Каментуючы ўрывак з Евангелля св. Мацвея, які прагучаў падчас Літургіі Слова (Мц 5,1-12а), Папа адзначыў, што выраз “убачыўшы натоўп” (Мц 5,1) адлюстроўвае падыход Езуса да сустрэчы з намі, а менавіта Яго жаданне “бачыць, сузіраць твары людзей”, якія ішлі за Ім, і адначасова даваць ім адчуць у Сваім позірку рэха іх “пошукаў і спадзяванняў”. Менавіта з такой сустрэчы нараджаецца Божае благаслаўленне – наша мэта.

“Гаворачы, што шчаслівыя бедныя, тыя, хто плача, засмучаныя, церпячыя, тыя, хто прабачыў, Езус імкнецца выкараніць паралізуючую нерухомасць тых, хто лічыць, нібы рэчы нельга змяніць, тых, хто перастаў верыць у моц Бога, якая ўсё змяняе, і ў сваіх братоў, асабліва найбольш слабых, адкінутых”, — перакананы Святы Айцец.

Абвяшчаючы благаслаўленні, Езус жадае “скалануць негатыўную прастрацыю, (…) што прымушае меркаваць, нібы можна жыць лепш, калі пазбягаць праблем, уцякаць ад іншых, хавацца ці замыкацца ва ўласных выгодах, засынаць у заспакойваючым спажывальніцтве”, працягнуў Францішак.

“Божыя бласлаўленні нараджаюцца ў міласэрным сэрцы, якое не стамляецца спадзявацца”, — сказаў Папа. Гэта “новы дзень для ўсіх тых, хто працягвае разлічваць на будучыню, марыць, дазваляць Духу Святому дакранацца і падштурхоўваць”. Па словах Францішка, шчаслівы кожны, “хто здольны запэцкаць рукі і працаваць, каб іншыя жылі ў супакоі”, “хто прыкладае намаганні, каб не сеяць падзелы”. “Прагнеш міру? Працуй дзеля міру!”, — запрасіў Пантыфік.

“Сей мір моцаю роднасці, моцаю блізкасці! Выходзячы з дому і сузіраючы твары, ідучы насустрач тым, хто знаходзіцца ў цяжкай сітуацыі, да каго не ставяцца як да асобы, як годны сын гэтай зямлі, — звярнуўся Святы Айцец да чылійскага народу.

На завяршэнне гаміліі Папа запрасіў даверыцца Беззаганнай Дзеве Марыі, “каб дапамагала жыць і прагнуць духа евангельскіх бласлаўленняў, каб ва ўсіх кутках гэтага горада можна было пачуць, нібы шэпт: Шчаслівыя міратворцы, бо яны будуць названыя сынамі Божымі (Мц 5,9)”.

Падчас св. Імшы Францішак здзейсніў таксама ўрачыстую каранацыю Абраза Беззаганнай Дзевы Марыі з гары Кармэль.

Ватыканскае радыё

для друку для друку