Папа на сінадальнай святой Імшы: не пакінуць моладзь самотнай

3 кастрычніка 2018 г. Папа ўзначаліў св. Імшу на распачацце ХV Звычайнай Асамблеі Сінода Біскупаў на тэму: “Моладзь, вера і распазнанне паклікання”. Ён будзе праходзіць цягам бліжэйшых трох тыдняў.

Эўхарыстыя цэлебравалася на галоўнай ватыканскай плошчы пры ўдзеле некалькіх дзесяткаў тысяч вернікаў з розных частак свету. Разам з Францішкам маліліся 266 Сінадальных Айцоў.

“Намашчаныя надзеяй мы пачынаем новую касцёльную сустрэчу, здольную пашырыць гарызонты, абагаціць сэрцы і змяніць тыя структуры, якія нас сёння паралізуюць, раздзяляюць і аддаляюць ад моладзі, пакідаючы яе перад абліччам неспрыяльных умоў, пазбаўляючы супольнасці веры, якая іх падтрымае, без перспектывы сэнсу і жыцця”, — сказаў Папа ў сваёй гаміліі.

Пантыфік спаслаўся на словы Евангелля св. Яна: “Суцяшыцель, Дух Святы, якога Айцец пашле ў імя Маё, навучыць вас усяму і нагадае вам пра ўсё, што Я сказаў вам” (14,26). Ён падкрэсліў, што такім чынам Езус запэўнівае сваіх вучняў, што будзе суправаджаць іх падчас выканання даручанай ім місіі.

“Няхай Дух Святы дасць нам ласку быць Сінадальнымі Айцамі, намашчанымі дарам мараў і надзеі, каб маглі, са свайго боку, намашчаць нашу моладзь дарам прароцтва і бачання; няхай дасць нам ласку быць дзейснай, жывой, плённай памяццю, якая з пакалення ў пакаленне не дазваляе, каб яе згасілі ці раструшчылі ні прарокі няшчасця і няўдачы, ні нашы абмежаванні, памылкі і грахі, але, каб мы мелі здольнасць знаходзіць прастору для распальвання сэрцаў і распазнання шляхоў Духа”, — сказаў Святы Айцец.

Папа Францішак прывітаў усіх Сінадальных Айцоў. Ён падкрэсліў, што ўпершыню ў Сінодзе будуць прымаць удзел іерархі з КНР. Пантыфік адзначыў, што іх прысутнасць робіць яшчэ больш бачнай камунію ўсяго епіскапату з Наступнікам св. Пятра.

Паводле Папы, адмова ад канфармізму і прынцыпу “заўсёды так рабілася” дапаможа моладзі знайсці надзею для руху наперад.

“Гэта тая ж надзея, што заклікае нас працаваць для выкаранення беднасці, адчужэння і насілля, якім падвяргаецца наша моладзь”- сказаў ён.

На думку Пантыфіка, маладыя людзі “просяць і патрабуюць крэатыўнай адданасці, дынамічнай, захопленай і поўнай надзеі разважлівасці, таго, каб мы не пакідалі іх самотнымі ў руках шматлікіх гандляроў смерцю”.

Папа заклікаў Сінадальных Айцоў шукаць карысці для бліжняга і паважаць меркаванне адно аднаго, каб “не запанавала логіка самазахавання і самадастатковасці”, якая акцэнтуе другаснае замест важнага. “Без такога стаўлення ўсе нашыя намаганні будуць марнымі”, — лічыць Папа.

Папа Францішак запрасіў удзельнікаў Сіноду слухаць Бога, каб пачуць голас народа.

“Гэта стаўленне абароніць нас ад спакусы маралізатарства і элітарызму, а таксама дазволіць не сімпатызаваць абстрактным ідэалогіям, якія не адпавядаюць рэальнасці нашага народа”- сцвердзіў ён.

Папа нагадаў, што Другі Ватыканскі Сабор завяршаўся пасланнем Саборных Айцоў менавіта да моладзі. Ён паўтарыў словы Паўла VI пра моладзь – надзею Касцёла і заклікаў маладое пакаленне будаваць лепшы свет.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку