Папа на “Анёл Панскі”: Езус ужо цяпер служыць нам

Папа Францішак прааналізаваў 11 жніўня перад “Анёл Панскі” урывак з Евангелля св. Лукі (12, 32-48) і падкрэсліў, што жыццё на зямлі з’яўляецца шляхам да вечнасці і таму павінна быць настроена на прышэсце Бога.

Прапануем поўны тэкст разважання Францішка:

“У сённяшнім евангельскім урыўку Езус заклікае сваіх вучняў да пастаяннай пільнасці, каб бачыць Божую прысутнасць у жыцці, паколькі Бог увесь час праходзіць праз нашае жыццё. Ён сам звяртае ўвагу на тое, як добра перажываць гэтую пільнасць: “Няхай сцёгны вашыя будуць падперазаныя і светачы запаленыя, а вы – падобныя да людзей, якія чакаюць вяртання свайго гаспадара” (Лк 12, 35). Перш за ўсё, “падперазаныя сцёгны” – гэты вобраз нагадвае пра стаўленне пілігрыма, гатовага выйсці. Гаворка ідзе не пра тое, каб запусціць карані ў зручных і заспакаяльных дамах, але пра просты давер волі Бога, што вядзе нас да наступнай мэты. Пан заўсёды ідзе з намі і шматразова бярэ нас за руку, каб весці, каб мы не памыліліся па шляху гэтай пілігрымкі. Сапраўды, тыя, хто давярае Богу, добра ведаюць, што жыццё веры з’яўляецца не чымсьці статычным, але дынамічным: гэта пастаяннае падарожжа да новых этапаў, якія сам Пан паказвае кожны дзень.

“Ён – Валадар сюрпрызаў, Валадар новага, па-сапраўднаму новага.”

Далей ад нас патрабуецца падтрымліваць “запаленымі светачы”, каб мы маглі асвятліць цемру ночы. Мы запрошаныя жыць у сапраўднай і сталай веры, здольнай прасветліць шматлікія “ночы” жыцця. Мы ведаем гэта, паколькі кожны з нас перажыў дні, якія былі сапраўднай духоўнай ноччу. Паходня веры патрабуе пастаяннага падсілкоўвання праз асабістыя сустрэчы з Езусам у малітве і слуханні Яго Слова.

Я паўтару тое, што я вам казаў шмат разоў: заўсёды насіце з сабой маленькае Евангелле ў кішэні, у сумцы, чытайце яго, каб сустрэцца з Езусам і Яго словам. Гэты светач сустрэчы з Езусам у малітве і ў Яго слове, быў даручаны нам на карысць усіх: таму ніхто не можа інтымістычна адступіць ад пэўнасці ўласнага збаўлення, не зацікавіўшыся іншымі. Памылкай з’яўляецца меркаванне, што хтосьці можа сам сябе ўнутрана асвяціць. Не, гэта фантазіі.

“Сапраўдная вера адкрывае нашыя сэрцы для бліжняга і стымулюе нас да канкрэтнага адзінства з нашымі братамі, асабліва тымі, хто знаходзіцца ў патрэбе.”

Затым Езус, каб мы зразумелі такое стаўленне, распавядае прыпавесць пра слуг, якія чакаюць вяртання свайго гаспадара з вяселля (Лк 12, 36-40), прадстаўляючы тым самым яшчэ адзін аспект пільнасці: будзьце гатовыя да апошняй і канчатковай сустрэчы з Панам. Для кожнага з нас гэты дзень сустрэчы з Панам прыйдзе. У кожнага з нас ёсць дата заключнай сустрэчы. Пан кажа: “Шчаслівыя тыя слугі, якіх гаспадар знойдзе ў чуванні; … І калі ў другую варту і ў трэцюю варту прыйдзе і знойдзе іх так, то шчаслівыя яны!” (Лк 12, 37-38). Гэтымі словамі Ён нагадвае нам, што жыццё – гэта шлях да вечнасці. Таму мы пакліканы даць усім нашым талентам прынесці плён, ніколі не забываючыся, што “не маем тут сталага горада, а шукаем будучага (Гбр 13, 14). З гэтага пункту гледжання кожны момант становіцца каштоўным, таму трэба жыць і дзейнічаць на гэтай зямлі з тугой па небе ў сэрцы. Трэба хадзіць па зямлі, працаваць на зямлі, рабіць дабро на зямлі і мець сэрца, якое прагне неба.

Насамрэч мы не можам зразумець, у чым гэта самая дасканалая радасць, але Езус дазваляе нам гэта адчуць праз параўнанне з гаспадаром, які пасля вяртання, калі ўбачыць, што ягоныя слугі ўсё яшчэ чуваюць, “падпяражацца, і пасадзіць іх і, падышоўшы, пачне служыць ім” (Лк 12, 37).

“Такім чынам выяўляецца вечная радасць нябёсаў: сітуацыя пераменіцца, і гэта ўжо не слугі, ужо не мы будзем служыць Богу, але сам Бог будзе служыць нам.”

І гэта тое, што робіць Езус ужо зараз: моліцца за нас, глядзіць на нас і просіць за нас Айца. Езус ужо цяпер служыць нам, Ён – наш слуга. І гэта будзе канчатковая радасць. Думка пра заключную сустрэчу з Айцом, багатым міласэрнасцю, напаўняе нас надзеяй і стымулюе пастаянна імкнуцца да нашага асвячэння і будаваць больш справядлівы і братэрскі свет. Няхай Найсвяцейшая Панна Марыя праз сваё матчына заступніцтва падтрымлівае нашы намаганні”, — сказаў Папа.

Завяршаючы сваю нядзельную малітоўную сустрэчу, Францішак пажадаў вернікам добрай нядзелі і папрасіў іх аб малітве.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку