Папа можа прыехаць у Беларусь без згоды Праваслаўнай Царквы

kAJzniQ2FtQДля візіту ў Беларусь Пантыфіка ў якасці кіраўніка дзяржавы не патрэбны “дазвол” Беларускай Праваслаўнай Царквы, заявіў айцец Сергій Лепін, старшыня сінадальнага Інфармацыйнага аддзела вышэйузгаданай Царквы.

“Наш Прэзідэнт запрашае да сябе кіраўніка іншай дзяржавы, і калі гэта дзяржаўны візіт, Беларуская Праваслаўная Царква ў гэтым не прымае ніякага ўдзелу, і ніякіх “дазволаў” з яе боку ў дадзеным пытанні не патрабуецца”, — заявіў праваслаўны святар, словы якога прыводзяцца на сайце church.by.

“Але Папа з’яўляецца не толькі свецкім кіраўніком, а яшчэ і кіраўніком Каталіцкага Касцёла. І нюансы могуць быць, калі ён плануе свой візіт не толькі як дзяржаўны лідэр, але і як кіраўнік рэлігійнай канфесіі, асабліва калі ў выніку гэтага візіту магчымыя змены ў міжканфесійных адносінах у нашай краіне”, — адзначыў айцец Сергій. Па яго словах, у краіне ўсталяваліся цёплыя адносіны паміж католікамі і праваслаўнымі. “Для нас гэта вельмі важна, і асцярогі з нагоды магчымага візіту Папы звязаныя менавіта з бояззю страціць гэтыя ўзаемаадносіны”, — сказаў ён і дадаў, што “многія праваслаўныя і нашай краіны не хаваюць сваёй занепакоенасці з нагоды візіту Пантыфіка”, не ўдакладняючы, на чым палягае гэта занепакоенасць.

Трэба нагадаць, што падчас нядаўняга візіту ў Беларусь Дзяржаўнага Сакратара Яго Святасці Папы, кардынала Пьетра Параліна прагучала запрашэнне Святому Айцу наведаць краіну не толькі з боку Каталіцкага Касцёла, але і дзяржаўных уладаў, у тым ліку і Прэзідэнта.

Кіраўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел сказаў пасля сустрэчы з ватыканскім кардыналам, што магчымы візіт Пантыфіка з ім не абмяркоўваўся і “пакуль такое пытанне не стаіць”.

Ватыканскае радыё

для друку для друку