Папа: Марыя заклікае скіраваць позірк да вялікіх нябесных спраў

Не дазволім жыццёвым дробязям паглынуць нас, але зробім выбар на карысць велічы Неба, заклікаў Папа Францішак падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”, 15 жніўня 2019 г. у Ватыкане.

Прапануем вашай увазе поўны тэкст медытацыі Папы:

“У Евангеллі на сённяшні дзень, на ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі, святая Панна моліцца, кажучы: “Велічае душа мая Пана, і ўзрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцы” (Лк 1,46-47). Разгледзім дзеясловы гэтай малітвы: велічае і ўзрадаваўся. Мы радуемся, калі здараецца нешта настолькі цудоўнае, што не дастаткова толькі цешыцца ўнутры, у душы, але ўзнікае жаданне выразіць шчасце ўсім целам: тады мы радуемся. Прычынай радасці Марыі быў Бог.

“Хто ведае, ці здаралася таксама з намі, каб прычынай нашай радасці станавіўся Пан: мы радуемся па прычыне выніку, якога дасягнулі, па прычыне цудоўнай весткі, якую атрымалі, але сёння Марыя вучыць радавацца ў Богу. Чаму? Таму што ён – Бог – чыніць “вялікія справы” (пар. Лк 1,49).”

Вялікія справы згадваюцца іншым дзеясловам: велічаць – “Велічае душа мая Пана”. Сапраўды, велічаць значыць праслаўляць нейкую рэальнасць за яе веліч, за яе прыгажосць… Марыя славіць веліч Пана, праслаўляе яе, кажучы, што Ён па-сапраўднаму вялікі. У жыцці важна шукаць вялікія справы, інакш можна згубіцца за мноствам дробязей. Марыя паказвае нам, што, калі прагнем, каб наша жыццё было шчаслівае, на першае месца трэба паставіць Бога, бо толькі Ён вялікі. Як часта, аднак, мы жывем тым, што нічога не вартае: стэрэатыпамі, крыўдамі, помстай, ілюзіямі, лішнімі матэрыяльнымі дабротамі…

“Колькі нікчэмнасці ў жыцці, мы ведаем пра гэта! Сёння Марыя нас запрашае ўзняць позірк да “вялікіх спраў”, якія Пан здзейсніў у Ёй. Таксама ў кожным з нас Пан чыніць мноства вялікіх спраў. Іх трэба распазнаць і ўзрадавацца, велічаць Бога за гэтыя вялікія справы.”

Менавіта “вялікія справы” мы святкуем сёння. Марыя была ўзятая ў Неба: малая і пакорная, Яна першай атрымала самую высокую хвалу. Яна, чалавечае стварэнне, адна з нас, дасягнула вечнасці душой і целам і там чакае нас, як маці чакае, калі дзеці вернуцца дамоў. Сапраўды, Божы народ называе яе “Брамай нябеснай”. Мы знаходзімся ў дарозе, мы пілігрымы, якія крочаць да дому, што знаходзіцца на вышынях. Сёння мы глядзім на Марыю і бачым мэту.

“Мы бачым, што стварэнне было ўзятае да хвалы ўваскрослага Езуса Хрыста, і гэта стварэнне не магло не быць Ёй, Маці Адкупіцеля. Мы бачым, што ў Раі, разам з Хрыстом, Новым Адамам, ёсць таксама Яна, Марыя, новая Ева. Гэта суцяшае і дае надзею ў нашым пілігрымаванні да вышыняў.”

Свята Унебаўзяцця Марыі – гэта зварот да ўсіх нас, асабліва да тых, хто ахоплены сумневамі і смуткам, хто жыве з позіркам, скіраваны ўніз, не можа ўзняць вочы. Паглядзім угору: Неба – адкрытае; яно не ўсяляе страх, яно больш не далёкае, бо на парозе Неба стаіць Маці, якая чакае нас. Яна – Валадарка Неба і наша Маці. Яна любіць нас, усміхаецца нам і старанна дапамагае нам.

“Як кожная маці, Яна жадае лепшага для сваіх дзяцей і кажа нам: “Вы каштоўныя ў вачах Бога; вы не былі створаны для мізэрных задавальненняў гэтага свету, але для вялікіх нябесных спраў”. Гэта так, бо Бог – гэта радасць, а не сум. Дазволім Маці Божай узяць нас за руку. Кожны раз, калі бярэм ружанец і молімся, мы робім крок у напрамку вялікай жыццёвай мэты.”

Дазволім сапраўднай прыгажосці прывабіць нас, не дадзім жыццёвым дробязям паглынуць нас, але зробім выбар на карысць велічы Неба. Няхай Найсвяцейшая Панна, Брама нябесная, дапаможа нам кожны дзень з даверам і радасцю глядзець туды, дзе наш сапраўдны дом, дзе Яна, якая чакае нас як маці”.

Пасля марыйнай малітвы Папа Францішак прывітаў вернікаў і ўдзяліў сваё благаслаўленне.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку