Папа: мафіёзная культура – несумяшчальная з верай

“Грамадства мае патрэбу ў тым, каб быць аздароўленым ад карупцыі, вымаганняў, гандлю наркотыкамі, зброяй, людзьмі, у тым ліку дзецьмі, якія прымушаюцца да рабства”, — адзначыў папа Францішак 23 студзеня падчас аўдыенцыі для супрацоўнікаў італьянскага Нацыянальнага ўпраўлення па барацьбе з мафіяй і тэрарызмам.

Святы Айцец падкрэсліў, што “мафіёзная культура” і тэрарызм цалкам супрацьлеглыя веры і Евангеллю і з’яўляюцца праявамі “культуры смерці”. Барацьба з імі складаная і рызыкоўная, але ў той час, як ніколі неабходная. Існуе вялікая патрэба ў тым, каб вызваліцца ад ўлады злачынных арганізацый, адказных за насілле і прыгнёт, заплямленых чалавечай крывёй, сказаў Папа.

Карупцыя, вымаганні, гандаль наркотыкамі і зброяй, гандаль людзьмі – гэта сапраўдныя “сацыяльныя раны, а ў той жа час, глабальныя выклікі, на якія міжнародная супольнасць паклікана з рашучасцю адказаць”, — сказаў Папа і пажадаў, каб барацьбе з гэтымі з’явамі спадарожнічала блізкае супрацоўніцтва паміж краінамі. 

Асаблівым чынам Святы Айцец заклікаў супрацьстаяць гандлю людзьмі і кантрабандзе мігрантаў. “Гэта вельмі цяжкія злачынствы, якія ўдараюць па самым слабым са слабых”, — сказаў Францішак. Ён падкрэсліў, што людзі, якія ўцякаюць ад войнаў, насілля і пераследу, “маюць права атрымаць належную гасціннасць і абарону ў краінах, якія называюць сябе цывілізаванымі”.

Паводле Францішка, акрамя барацьбы са злачыннасцю, асаблівая ўвага павінна надавацца выхаваўчай дзейнасці сярод моладзі. Да яе пакліканы сем’і, школы, хрысціянскія супольнасці, спартыўныя і культурныя аб’яднанні. Важна “пачынаць ад выхавання сумлення”, скіроўваючы людзей да сумленнасці, міралюбівасці і салідарнасці, сказаў Папа.

Ватыканскае радыё

для друку для друку