Папа: як прадпрымальніку пераадолець канфлікты сумлення?

Ілюстрацыйнае фота

Свет працы павінен навучыцца новаму стылю, — заўважыў Святы Айцец падчас аўдыенцыі для маладых французскіх прадпрымальнікаў. Яна прайшла 2 снежня 2019 г. у Ватыкане.

Папа Францішак заўважыў, што сумяшчаць хрысціянскае жыццё з сур’ёзнай адказнасцю ў грамадскай ці эканамічнай сферы ніколі не было лёгка.

“Канфліктаў сумлення ў штодзённых рашэннях, якія трэба прымаць, думаю, шмат: з аднаго боку, гэта абавязак клапаціцца пра выжыванне вашага прадпрыемства, пра людзей, якія там працуюць і іх сем’і, пра заваяванне рынкаў, павелічэнне прадуктыўнасці, змяншэнне колькасці спазненняў, стварэнне рэкламы, стымуляванне спажывання; а з іншага, усё больш і больш неадкладныя патрабаванні сацыяльнай справядлівасці для гарантавання кожнаму чалавеку магчымасці зарабляць і весці годнае жыццё: я маю на ўвазе ўмовы працы, заробкі, стварэнне працоўных месцаў і іх стабільнасць, ахову навакольнага асяроддзя…”, — сказаў Папа.

Святы Айцец падзяліўся з маладымі прадпрымальнікамі двума крытэрыямі, якія могуць дапамагчы пераадолець канфлікты сумлення спакойна і з надзеяй. Першы – імкнуцца “запісаць Божы закон у жыццё зямной дзяржавы”, карыстацца хрысціянскай мудрасцю, уважліва ставіцца да вучэння Касцёла. Другі – разумець сітуацыю ў свеце і сістэмы, якія кіруюць эканамічнай дзейнасцю, і іх наступствы для людзей і асяроддзя, а таксама ўсведамляць экалагічны крызіс, рост беднасці і рабства, разумеючы іх узаемасувязь.

Папа заклікаў маладых прадпрымальнікаў спрыяць зменам у сваім асяроддзі, развіваючы “новую прадпрымальніцкую культуру”, каб крок за крокам “вучыць свет працы новаму стылю”.

Пантыфік заахвоціў да экалагічнага і духоўнага навяртання, простага і сціплага ладу жыцця. Ён запрасіў памятаць, што “хрысціянская духоўнасць прапануе альтэрнатыўны спосаб разумення якасці жыцця і заахвочвае да прароцкага і сузіральнага ладу жыцця, звязанага з уменнем радавацца і пазбягаць апантанасці спажываннем”.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку