- Каталіцкі Веснік - http://catholicnews.by -

Папа: ідэалогія прыбытку хоча паглынуць сэнс святаў

EPA1612121_Articolo [1]Пра значэнне святаў у жыцці сям’і распавёў папа Францішак 12 жніўня падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра ў Ватыкане. У бліжэйшых катэхезах, ён будзе казаць таксама пра іншыя два элементы сямейнага жыццёвага рытму: працу і малітву.

Пантыфік адзначыў, што “свята – гэта вынаходства Бога”, аб чым кажа Святое Пісанне: сам Бог адпачыў, пасля шасці дзён стварэння. Ён нас вучыць, наколькі важна прысвячаць час сузіранню і атрыманню радасці ад таго, што было цудоўна зроблена.

“Такім чынам свята – гэта не лянівае прасіжванне ў крэсле або ап’яненне ад пустых забаваў. Свята – гэта перш за ўсё любячы і ўдзячны позірк на добра зробленую працу (…). Гэта час, каб глядзець на дзяцей ці ўнукаў, якія падрастаюць і думаць: якія цудоўныя! Гэта час, каб паглядзець на наш дом, на сяброў, якіх прымаем, на грамадства, якое нас акружае і думаць: якія добрыя гэтыя справы! Бог рабіў так, калі стварыў свет. Ён і працягвае так рабіць, таму што стварае заўсёды, нават зараз!”, — сказаў Папа.

Францішак параіў прасіць у Бога сілаў, калі свята праходзіць у складаных і балючых умовах. Ён таксама ацаніў любоў бацькоў, здольных “праглынаць незадаволенасць”, каб дазволіць дзецям добра перажыць свята. Папа падкрэсліў важнасць і карыснасць святочных момантаў у працоўных калектывах.

“Але сапраўдны час свята прыпыняе прафесійную працу – ён сакральны, бо нагадвае, што мужчына і жанчына створаны на вобраз Бога, які з’яўляецца не рабом працы, але Панам. Таму таксама і мы не павінны быць рабамі працы, але “гаспадарамі”. Ёсць адно прыказанне аб гэтым, якое тычыцца ўсіх, не выключаючы нікога! Мы, аднак, ведаем што існуюць мільёны мужчын і жанчын і нават дзяцей, якія з’яўляюцца рабамі працы! Гэта ў наш час існуюць рабы! Іх эксплуатуюць (…), а гэта супраць Бога і супраць чалавечай годнасці!”, — сказаў Францішак.

Паводле Святога Айца, “апантаннасць эканамічным прыбыткам і тэхнічнай эфектыўнасцю пагражае чалавечаму жыццёваму рытму”.

“Час адпачынку, асабліва ў нядзелю, прызначаны для нас, каб маглі радавацца таму, што не вырабляецца і не спажываецца, што не купляецца і не прадаецца. Мы, аднак, бачым што ідэалогія прыбытку і спажывецтва хоча паглынуць таксама і святы: таксама і яны часам зводзяцца да “бізнесу”, спосабу зарабляць і траціць грошы. Але ці для гэтага мы працуем? Прагнасць спажывання, якая вядзе да марнатраўства – гэта брудны вірус, які між іншым, стамляе нас яшчэ больш, чым былі стомленыя раней. Ён шкодзіць сапраўднай працы і з’ядае жыццё. Неўрэгуляваныя рытмы святаў выклікаюць ахвяры, часта сярод моладзі”, — сказаў Папа.

Францішак падкрэсліў, што час свята – сакральны, таму што Бог прабывае ў ім асаблівым чынам. Нядзельная Эўхарыстыя напаўняе свята прысутнасцю Езуса Хрыста, Яго любоўю, ахвярай, здольнасцю ствараць супольнасць, прабываннем сярод нас. Дзякуючы гэтаму ўсё набывае свой поўны сэнс: праца, сям’я, штодзённыя радасці і цяжкасці, у тым ліку пакуты і смерць. Усе перамяняецца ласкай Хрыста, скахаў ён.

Напрыканцы сваёй катэхезы Пантыфік заклікаў да адкрыцця і падтрымкі сапраўднай каштоўнасці святочных момантаў, асабліва нядзелі. “Свята – гэта каштоўны падарунак Бога чалавечай сям’і: не занядбаем яго!”, — заклікаў Святы Айцец.

Ватыканскае радыё [2]