Папа і Патрыярх Маскоўскі размаўлялі пра сітуацыю ў Сірыі

Адбылася тэлефонная размова Патрыярха Маскоўскага з Пантыфікам. Аб гэтым паведамляе афіцыйны сайт Рускай Праваслаўнай Царквы. Апрача таго, Кірыл правёў размову з усімі праваслаўнымі Патрыярхамі Блізкага Усходу. “Гаворка ішла, вядома, аб Сірыі”, — паведаміў ён на сустрэчы з прадстаўнікамі СМІ, якая адбылася 14 красавіка 2018 года.

“Мы гаварылі пра тое, што ў тым ліку хрысціяне павінны паўплываць на сітуацыю такім чынам, каб спынілася насілле, каб спынілася вайна, каб не было тых страшных ахвяр, якія сёння маюць месца. Гэта быў ярка выражаны міратворчы дыялог”, — падкрэсліў іерарх.

Кіраўнік прэс-службы Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі, святар Аляксандр Волкаў, адказваючы на пытанні журналістаў пра дэталі тэлефонных перамоў, распавёў, што гутарка Прадстаяцеля Рускай Праваслаўнай Царквы са Святым Айцом Францішкам “прайшла ў добрай атмасферы ўзаемаразумення”. “Яна пачалася з узаемных віншаванняў са святам Вялікадня і працягнулася ў кантэксце сірыйскай праблематыкі і тых пагроз, якія стаяць цяпер перад усёй сусветнай супольнасцю. Папа і Патрыярх дамовіліся аб працягу канструктыўнага дыялогу”, — паведаміў афіцыйны прадстаўнік.

Ватыканскае радыё

для друку для друку