Папа ў “Горадзе сяброўства”: беднасць – гэта не фатальнасць

Папа Францішак наведаў “Горад сяброўства” ў Акамасоа – гуманітарны цэнтр для бедных у прыгарадзе Антананарыву, заснаваны ў 1989 годзе аргентынскім місіянерам а. Пэдра Апэка.

Візіт адбыўся 8 верасня, у другой палове дня, і працягваўся каля паўтары гадзіны. У зале, дзе віталі Пантыфіка, сабралася каля 8 тыс. чалавек, пераважна моладзі. Пасля ўступных слоў а. Пэдра і сведчання аднаго з мясцовых дзяцей да прысутных звярнуўся Святы Айцец і, выказваючы захапленне вынікамі працы, якая вядзецца ў гуманітарным цэнтры, назваў Акамасоа “выразам Божай прысутнасці сярод Яго беднага народу”.

“Вашыя крыкі, народжаныя з немагчымасці больш жыць без даху над галавой, бачыць, як у голадзе растуць дзеці, не мець працы, з абыякавага, калі не сказаць пагардлівага, позірку многіх, ператварыліся для вас і для ўсіх тых, хто вас бачыць, у песні надзеі. Кожны закуток гэтага квартала, кожная школа ці дыспансэр – гэта песня надзеі, якая абвяргае і прымушае замоўкнуць любую фатальнасць. Скажам з моцай: беднасць – гэта не фатальнасць”, — заклікаў Святы Айцец.

Пантыфік выказаў усведамленне таго, што гэтая вёска “нясе ў сабе доўгую гісторыю мужнасці і ўзаемадапамогі”, цяжкай працы яе жыхароў, і заўважыў, што ў аснове ўсяго гэтага ляжыць “жывая вера, праяўленая ў канкрэтных справах, здольных перасоўваць горы”.

“Вы змаглі зразумець, што Божая мара заключаецца не толькі ў індывідуальным поспеху, але, асаблівым чынам, у супольным; што, як нагадаў нам а. Пэдра, няма горшага нявольніцтва за жыццё выключна для сябе”, — падкрэсліў Францішак.

Асобнае пасланне Папа скіраваў да моладзі Акамасоа. Ён пажадаў ім ніколі не здавацца перад згубнымі наступствамі беднасці, не паддавацца спакусам лёгкага жыцця і не прагінацца. “Вам працягваць працу, здзейсненую старэйшымі. Сілу, каб рабіць гэта, знойдзеце ў вашай веры і ў жывым сведчанні, якое набыло форму ў вашым жыцці. Дазвольце, каб у вас расквітнелі дары, якімі вас надзяліў Пан”, — пажадаў Францішак.

Ён заклікаў усіх прысутных маліцца, “каб на Мадагаскары і ў іншых частках свету распаўсюджвалася ззянне гэтага святла і каб мы маглі прыйсці да мадэляў развіцця, якія аддаюць перавагу барацьбе з беднасцю і сацыяльнай эксклюзіяй пасродкам даверу, адукацыі, працы і намаганняў, заўсёды неабходных для годнасці чалавека”.

“Горад сяброўства” ўзнік у 1989 г. на месцы былога сметніка, дзе ў нечалавечых умовах жылі самая бедная частка насельніцтва Антананарыву. Ініцыятарам дабрачыннай ініцыятывы і яе галоўным куратарам з’яўляецца аргентынскі законнік з Кангрэгацыі місіянераў а. Пэдра Апэка, які нясе служэнне на Мадагаскары з 1970 г.

Вёска ў Акамасоа пачала будавацца вакол размешчана непадалёку ад сметніка гранітнага кар’ера, куды а. Пэдра пачаў запрашаць на працу, за якую плаціў, мясцовых бяздомных. На сённяшні дзень дзякуючы гэтаму праекту годныя ўмовы жыцця маюць каля 25 тыс. чалавек. Штогод у Акамасоа за спецыялізаванай дапамогай прыбывае прыблізна 30 тыс. бедных. 14 тыс. дзяцей атрымліваюць тут школьную адукацыю.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку