Папа Францішак запэўніў у суровасці да святароў-педафілаў

Папа Францішак папрасіў прабачэння ў ахвяр сексуальнага насілля з боку святароў і запэўніў у крайняй суровасці да тых, хто здзейсняў і пакрываў падобныя злачынствы.

Аб гэтым Пантыфік напісаў у прадмове да кнігі “Прабачаю вас, ойча” (La perdono, padre), якая 13 лютага 2017 г. з’явілася на паліцах італьянскіх кнігарняў. Яе аўтар Даніэль Пітэ – 57-гадовы бацька шасці дзяцей, які жыве ў швейцарскім Фрыбургу. У дзяцінстве на працягу чатырох гадоў ён падвяргаўся насіллю з боку святара.

Папа назваў яго сведчанне “неабходным, каштоўным і мужным”. “Я чарговы раз убачыў жудасную шкоду, якую могуць выклікаць сексуальныя злоўжыванні і балючы шлях, які чакае ахвяр”, — напісаў ён.

Паводле Святога Айца, важна прачытаць гэта “сведчанне і ўбачыць да якой ступені зло можа ўваходзіць у сэрца служыцеля Касцёла”. “Як можа святар, слуга Хрыста і Ягонага Касцёла, дайсці да чынення такога зла? Як можа асоба, якая прысвяціла сваё жыццё таму, каб весці дзяцей да Бога, пажыраць іх у тым, што называецца “д’ябальская ахвяра”, якая знішчае як саму ахвяру, так і жыццё Касцёла?”, — спытаў Францішак.

Папа выказаў пачуцці любові і болю, «з пакорай просячы аб прабачэнні” ў сем’яў асобаў, якія здзейснілі самагубства пасля таго, як сустрэлі “абсалютную страшэннасць, жудасны грэх, радыкальна супрацьлеглы ўсяму, чаму вучыць Хрыстус”. Ён узгадаў, што заклікаў Касцёл “бараніць самых слабых і безабаронных” і “прадэманстраваць крайнюю суровасць да святароў, якія здрадзілі сваёй місіі, а таксама да іерархаў, біскупаў або кардыналаў, якія іх пакрывалі, як ужо здаралася ў мінулым”.

Пантыфік заўважыў, што “ў няшчасці Даніэль Пітэ сустрэў таксама і іншае аблічча Касцёла, што дазволіла яму не згубіць надзею на людзей і на Бога”. Праз сорак гадоў ён “вырашыў сустрэцца са сваім мучыцелем і паглядзець у вочы чалавеку, які раніў яго ў глыбіню душы. І паціснуў яму руку». «Я быў вельмі ўражаны ягонымі словамі: “Многія людзі не могуць зразумець, чаму я не маю нянавісці да яго. Я прабачыў яго і пабудаваў сваё жыццё на гэтым прабачэнні”, — падзяліўся Папа.

Напрыканцы сваёй прадмовы Францішак выказаў падзяку аўтару кнігі і запэўніў у малітве за ўсіх ахвяр сексуальных злачынстваў у Касцёле.

Ватыканскае радыё

для друку для друку