Папа Францішак заклікаў стварыць новую «культуру пакліканняў»

Трэба ўнесці ў хрысціянскія супольнасці новую «культуру пакліканняў» і быць у стане гаварыць пра прыгажосць быцця ўлюбёным у Бога.

Да гэтага заахвоціў Папа 5 студзеня 2017 г. у прамове, якую перадаў удзельнікам штогадовай канферэнцыі, арганізаванай Нацыянальным бюро душпастырства пакліканняў італьянскай біскупскай канферэнцыі. Яна праходзіла 3-5 студзеня ў Рыме.

Новая культура, паводле Святога Айца, павінна адзначацца здольнасцю разумення і ўспрыняцця рэчаіснасці такой, якая яна ёсць, з яе цяжкасцямі і супрацівамі, прызнаючы, такім чынам, прыкметы прыгажосці чалавечага сэрца. Спасылаючыся на наступны Сінод Біскупаў, прысвечаны моладзі, Папа падкрэсліў, што прыярытэтам душпастырства пакліканняў павінна быць не столькі эфектыўнасць, колькі “распазнанне”. Ён заклікаў дэманстраваць у першую чаргу магчымасці, а не абмежаванні, звязаныя з пакліканнем да святарства і манаскага жыцця.

Папа Францішак адзначыў, што тыя, хто ўдзельнічае ў місіі суправаджэння ў пакліканні павінны адзначацца разуменнем і паважлівым стаўленнем да жыцця, шукання шчасця асоб, даручаных іх увазе і клопату. Ён нагадаў словы Бэнэдыкта XVI, які ў сваёй прамове на Еўрапейскай канфэрэнцыі па пакліканнях у 2009 г. звярнуў увагу на глыбокую разгубленасць, у якой маладыя людзі жывуць сёння. У гэтай сітуацыі, каб быць годнымі даверу, трэба станавіцца на “шлях слухання”, быць у стане “губляць час” на пазнанне праблем і спадзяванняў моладзі.

Папа адзначыў, што сведчанне з’яўляецца пераканаўчым толькі тады, калі яно можа перадаць прыгажосць быцця ўлюбёным у Бога. Для дасягнення гэтай мэты, не можна дазволіць знешнім фактарам дэзарыентаваць сябе, але даверыць сябе ласцы і пяшчоце Пана, адраджаючы вернасць свайму выбару і свежасці “першай любові”.

Святы Айцец  адзначыў, што трэба не столькі мець місію, колькі паўтараць сабе: “Я – місія”, што значыць “быць пастаяннай, трывалай місіяй”. Гэта патрабуе, вядома, адвагі і шырокага мышлення, жадання пастаянна рабіць крок наперад, маючы на ўвазе розныя гісторыі паклікання. Сам Пан запрашае пакліканых, каб яны не баяліся выходзіць за межы сваіх абмежаванняў, каб стаць дарам для іншых. Выходзіць далей, за страхі, якія паралізуюць імкненне да дабра, з бясконцай церпялівасцю пачынаць зноў, заклікаў Папа.

Ён дадаў, што гэта патрабуе душпастырства з “шырокімі гарызонтамі” і “духа супольнасці”, каб быць “апекунамі”, здольнымі вітаць прыход новага світання, не клапоцячыся пра “непазбежнае запаволенне і супраціў чалавечага сэрца”.

Ватыканскае Радыё

для друку для друку