Папа Францішак заклікаў падлеткаў практыкаваць учынкі міласэрнасці з энтузіязмам

moladzНе задавальняйцеся пасрэднасцю, “марнеючы” і камфортна седзячы, сказаў Папа Францішак 24 красавіка 2016 года ў гаміліі падчас св. Імшы на плошчы св. Пятра. У ёй удзельнічала больш за 70 тыс. падлеткаў ва ўзросце ад 13 да 16 гадоў, якія прыбылі ў Рым з нагоды Юбілею Міласэрнасці, паведамляе Ватыканскае радыё.

Звяртаючыся да маладых людзей Пантыфік заклікаў іх будаваць сваю будучыню разам з іншымі і для іншых, ніколі супраць кагосьці, абапіраючы ўсё на любові, якая  з’яўляецца “пасведчаннем асобы хрысціяніна”. “Людзі будуць пазнаваць вучняў Езуса, толькі паводле таго, як яны любяць адзін аднаго”, — адзначыў Папа.

Францішак нагадаў, што Хрыстос “дае ім сваё вернае сяброўства, нават калі Яго расчароўваюць і аддаляюцца ад Яго. Езус усё любіць іх і па-ранейшаму знаходзіцца побач, верыць у іх больш, чым яны вераць у сябе. І гэта вельмі важна!” — адзначыў Святы Айцец.

Кажучы пра вялікае імкненне, якое прысутнае ў маладых людзях, каб кагосьці любіць і быць любімым, Папа растлумачыў, што Езус, калі яны пойдуць да Яго школы, умесціць у іх сэрцах “добрую інтэнцыю любові” не жадаючы завалодаць, але пакідаючы іх свабоднымі”. Таксама Францішак растлумачыў, што жаданне свабоды, не заключаецца ў тым, што яны могуць рабіць тое, што ім хочацца. “Свабодным ёсць той, хто выбірае дабро, хто шукае тое, што падабаецца Богу, хоць гэта цяжка”, — сказаў Святы Айцец. Ён заклікаў моладзь не задавальняцца пасрэднасцю, “марнеючы”, камфортна седзячы. Не верце тым, хто адцягвае ўвагу ад сапраўднага багацця, якім з’яўляецеся вы, кажучы, што жыццё цудоўнае толькі тады, калі ў вас ёсць шмат рэчаў; сцеражыцеся тых, што хочуць, каб вы паверылі ў тое, што вы важныя, калі вы апранаецеся паводле самай новай моды.

Святы Айцец падкрэсліў, што “любоў” не ажыццяўляецца таму, што мы гаворым пра яе, але толькі тады калі жывём ёю: гэта не салодкая паэзія, якую трэба вывучаць на памяць, але гэта выбар жыцця.  “Каб узрастаць у любові, трэба прымаць любоў Езуса ў св. Імшы і сакраманце споведзі. Там мы вучымся прымаць Яго любоў і рабіць яе сваёй”, — сказаў Папа.

На заканчэнне Папа Францішак пажадаў моладзі, каб іх штодзённай праграмай жыцця сталі ўчынкі міласэрнасці. “Практыкуйце іх з энтузіязмам, каб стаць чэмпіёнамі жыцця! Такім чынам вы будзеце прызнаныя за вучняў Езуса і ваша радасць будзе поўнай”, — сказаў Папа.

Пасля літургіі Святы Айцец уручыў групе падлеткаў крыжы, якія можна павесіць на шыю, запрашаючы такім чынам, каб былі яны місіянерамі і абвяшчальнікамі Божай міласэрнасці, аб’яўленай у Езусе Хрысце.

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі