Папа Францішак заклікаў маліцца за яго падарожжа ў Фаціму

Папа Францішак папрасіў вернікаў малітоўна падтрымаць яго апостальскую пілігрымку ў Фаціму, якую здзейсніць, “каб даверыць Маці Божай дачасны і вечны лёс чалавецтва і праз Яе заступніцтва маліць аб нябесным благаслаўленні”. З адмысловым заклікам ён звярнуўся падчас агульнай аўдыенцыі 10 мая 2017 года ў Ватыкане.

“Прашу ўсіх, як пілігрымаў надзеі і міру, далучыцца да мяне: няхай вашыя рукі ў малітве працягваюць падтрымліваць мае. Жадаю, каб самая вялікая і лепшая з Маці чувала над кожным з вас на працягу ўсіх вашых дзён, аж да вечнасці!”, — сказаў Папа.

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Пантыфік звярнуўся да моладзі, хворых і маладых сужонкаў, якім пажадаў вучыцца ўзрастаць у марыйнай пабожнасці праз штодзённую малітву на ружанцы, адчуваць прысутнасць Маці Божай у моманты пакутаў, і маліцца да Яе, каб напоўніла сямейны асяродак любоўю і ўзаемнай павагай.

Святы Айцец наведае Фаціму 12-13 мая 2017 года ў 100-годдзе аб’яўлення тут Найсвяцейшай Панны Марыі. Падчас візіту ён кананізуе двух сведкаў тых цудоўных падзей: Франсішка і Жасінту Марту. Папа таксама сустрэнецца з палітычным кіраўніцтвам Партугаліі і епіскапатам краіны.

Ватыканскае радыё

для друку для друку