Папа Францішак заклікаў дапамагчы пакутуючым ад холаду бяздомным

Пасля марыйнай малітвы “Анёл Панскі” у Ватыкане 8 студзеня 2017 г. Папа Францішак заклікаў вернікаў “падумаць пра ўсіх людзей, якія жывуць на вуліцы, пакутуючы ад холаду і вельмі часта ад абыякавасці”.

“Нажаль, некаторыя з іх не перажылі гэтага. Памолімся за іх і папросім Пана сагрэць нашы сэрцы, каб мы маглі дапамагчы ім”, — сказаў Папа.

У сувязі з моцнымі марозамі Святы Айцец распарадзіўся, каб каталіцкія начныя прытулкі для бяздомных на тэрыторыі Рыма і Ватыкана, заставаліся адкрытымі кругласутачна. У іх пакутуючыя ад холаду могуць сагрэцца, атрымаць гарачыя напоі і ежу, нават пры адсутнасці вольных месцаў для начлегу.

Для тых бяздомных, якія не жадаюць пакідаць свае прывычныя жылішчы, але жадаюць сагрэцца, Апостальскай элемазінарыяй былі набыты тэрмаўстойлівыя спальныя мяшкі.

Акрамя таго, недалёка ад іх «дзяжураць» ватыканскія мікрааўтобусы. Мінулай ноччу ў адным з іх пераначавала 85-гадовая жанчына, распавёў арцыбіскуп Конрад Краеўскі, папскі элемазінарый.

Ватыканскае Радыё

 

для друку для друку