Папа Францішак заклікае не змарнаваць Вялікі Пост

Papa_Francishak“Міласэрнасці хачу, а не ахвяры” – гэта лейтматыў сёлетняга паслання папы Францішка на Вялікі Пост. Яно было прадстаўлена 26 студзеня 2016 г. у Ватыкане.

Пантыфік заклікаў “больш інтэнсіўна” правесці гэты адмысловы час, “цэлебруючы і перажываючы Божую міласэрнасць”. І тут, паводле яго, дапаможа “ўважлівае слуханне Божага слова” і ўдзел у адмысловым пакутным набажэнстве “24 гадзіны для Пана”. Таксама “Місіянеры міласэрнасці” стануць “яскравым знакам Божага прабачэння і блізкасці”, — адзначыў Пантыфік.

Ён дадаў, што Марыя з’яўляецца “дасканалай іконай” Касцёла, які евангелізуе праз міласэрнасць.
У сваім пасланні Святы Айцец спасылаецца на біблійную гісторыю запавету паміж Богам і Яго народам, каб праілюстраваць логіку Божай міласэрнасці адносна чалавека. Ён называе гэта “рэальнай гісторыяй любові”, якая дэманструе, у якой вялікай ступені Бог жадае звязаць сябе са сваім народам.

“Гэта драма любові знаходзіць сваю вяршыню ў Сыне, які стаў чалавекам. На Яго Айцец вылівае сваю бязмежную міласэрнасць, робячы Яго “ўцелаўленнем Міласэрнасці”, — падкрэсліў Папа. Божая міласэрнасць знаходзіцца “ў самым сэрцы апостальскай керыгмы”, яна займае ў ім цэнтральнае і фундаментальнае месца, дадаў ён. Пантыфік нагадаў, што міласэрнасць, “выказвае паводзіны Бога да грэшніка, прапануючы яму новы шанец пакаяння, навяртання і веры”.

“Наша вера знаходзіць свой выраз у канкрэтных паўсядзённых дзеяннях, закліканых дапамагчы нашым бліжнім у патрэбах іх цела і душы, на падставе чаго мы будзе суджаны: накарміць, наведаць, суцешыць і павучыць”, — нагадаў Папа.

“Самым бедным з’яўляецца той, хто адмаўляецца прызнацца сабе ў тым, што ім з’яўляецца”, — падкрэсліў Францішак. Ён патлумачыў, што ёсць людзі, якія лічаць сябе багатымі, “але на самой справе яны бяднейшыя з бедных”. Гэта таму, што “з’яўляюцца рабамі граху”, які загадвае ім выкарыстоўваць уладу і багацце не для служэння Богу і людзям, але задушэння ў сабе думкі, што яны таксама з’яўляюцца толькі беднымі жабракамі.

Святы Айцец прыгадаў гісторыю біблійнага Лазара, якога не заўважаў багацей. Чым большыя ўлада і багацце, тым больш яны асляпляюць і падманваюць, заўважыў ён. Менавіта Лазар з’яўляецца “фігурай” Хрыста, “Які жабруе ў бедных нашага навяртання”, і “ўяўляе сабой магчымасць навяртання”. Такога роду слепата, заўважыў Пантыфік, часта суправаджаецца ганарлівай ілюзіяй усемагутнасці, адлюстраванай у д’ябальскім “будзеце, як Бог” (Быц 3, 5), што з’яўляецца “коранем ўсіх грахоў”.

Гэтая ілюзія можа таксама прымаць і сацыяльныя і палітычныя формы, што паказалі таталітарныя сістэмы ХХ стагоддзя, і што дэманструюць сучасныя ідэалогіі манапалізацыі думкі і тэхнанавукі, якія імкнуцца, каб Бог не меў значэння, а чалавек быў паменшаны да масы, якую можна эксплуатаваць. Гэтая ілюзія можа выяўляцца ў грахоўных структурах, звязаных з ілжывай мадэллю развіцця, заснаванага на ідалапаклонстве грошай, што прыводзіць да абыякавасці да бедных з боку багатай часткі чалавецтва, якая зачыняе дзверы, адмаўляючыся нават заўважыць бедных, напісаў Папа.

Францішак заклікаў, каб Вялікі Пост і Юбілей Міласэрнасці сталі часам пераадолення экзістэнцыяльнай адчужанасці праз слуханне Божага слова і практыкаване ўчынкаў міласэрнасці для душы і цела бліжняга.

“Давайце не будзем марнаваць гэты час Вялікага Посту, які спрыяе навяртанню!”, — папрасіў у завяршэнне свайго велікапостнага паслання Святы Айцец Францішак.

Ватыканскае Радыё

для друку для друку