Папа Францішак заклікае навучыць дзяцей добра рабіць знак крыжа

«Навучыць дзяцей добра рабіць знак крыжа», — заклікаў Францішак падчас агульнай аўдыенцыі, якая 18 красавіка 2018 г. прайшла на плошчы св. Пятра ў Ватыкане. Працягваючы цыкл катэхез аб хросце, ён засяродзіўся на значэнні імені, якое прымаецца падчас сакрамэнту, і знаку крыжа, як выразах хрысціянскай тоеснасці.

У першую чаргу, Пантыфік нагадаў, што прыняцце хросту дае пачатак “духоўнай дынаміцы”, якая пранізвае ўсё жыццё ахрышчаных. Гаворка ідзе пра распачацце працэсу, што дазваляе жыць у еднасці з Хрыстом у Касцёле. “Такім чынам, зварот да крыніцы хрысціянскага жыцця вядзе нас да лепшага разумення дару, які атрымалі ў дзень нашага хросту, і абнаўлення намаганняў, адпавядаць яму ў тым стане, у якім знаходзімся сёння”, — дадаў Папа.

Святы Айцец нагадаў, што на самым пачатку абраду прамаўляецца імя кандыдата да атрымання сакрамэнту хросту, якое ўказвае на тоеснасць чалавека.

«Бог кожнага кліча па імені, любячы асабіста нас, з нашай канкрэтнай гісторыяй. Хрост распальвае асабістае пакліканне да жыцця па-хрысціянску, якое будзе развівацца на працягу ўсяго жыцця. Гэта прадугледжвае асабісты, а не пазычаны паводле прынцыпу “скапіраваць і ўставіць” адказ. Насамрэч, хрысціянскае жыццё выткана з серыі пакліканняў і адказаў: Бог працягвае прамаўляць наша імя на працягу гадоў, робячы так, каб тысячу спосабамі прагучала Яго пакліканне да нашага ўпадабнення Яго Сыну Езусу. Таму імя – важнае! Бацькі думаюць, якое імя даць дзіцяці, яшчэ да яго нараджэння: таксама і гэта з’яўляецца часткай чакання дзіця, якое ва ўласным імені будзе мець сваю выключную тоеснасць, у тым ліку адносна хрысціянскага жыцця, спалучанага з Богам», — сказаў Францішак.

Папа заўважыў, што дар веры заўсёды паходзіць з вышыні. Яго немагчыма купіць, але аб ім можна прасіць. У сваю чаргу, выклікаць і абудзіць шчырую веру ў адказ на Евангелле дапамагае фармацыя катэхуменаў і падрыхтоўка бацькоў, а таксама слуханне Божага слова падчас самаго абраду хросту.

«Калі дарослыя катэхумены самі выказваюць жаданне прыняць хрост як дар ад Касцёла, то дзяцей прадстаўляюць бацькі і хросныя. Дыялог з імі дазваляе ім выразіць жаданне таго, каб іх немаўля атрымала хрост, а Касцёлу – намер удзяліць яго. «Выразам усяго гэтага з’яўляецца знак крыжа, які цэлебрант і бацькі робяць на чале дзіцяці». «Знак крыжа азначае пячатку Хрыста на тым, хто будзе Яму прыналежыць, і ласку адкуплення, якую Хрыстус здабыў для нас праз свой крыж», — сказаў Папа, спасылаючыся на Катэхізіс Каталіцкага Касцёла.

Паводле Францішка, крыж – гэта адметная рыса хрысціян: нашы размовы, думкі, позіркі, ўчынкі знаходзяцца пад знакам крыжа, што значыць, любові Езуса аж да канца.

«Мы становімся хрысціянамі настолькі, наколькі крыж адціскаецца на нас як “пасхальны” знак, указваючы, у тым ліку знешне, хрысціянскі спосаб адносін да жыцця. Таму, пазначаючы сябе знакам крыжа, калі прачынаемся, перад ежай, перад абліччам небяспекі, у якасці абароны ад зла, вечарам, перад сном, мы кажам самім сабе і іншым, каму прыналежым, чыімі хочам быць. Таму вельмі важна навучыць дзяцей добра рабіць знак крыжа. І як робім яго, уваходзячы ў касцёл, можам рабіць таксама дома, захоўваючы ў маленькім начынні крыху благаслаўлённай вады – некаторыя сям’і так робяць: такім чынам, кожны раз, калі ўваходзім ці выходзім, робячы знак крыжа з гэтай вадой, мы нагадваем сабе, што былі ахрышчаны», — падкрэсліў Пантыфік.

У агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра прысутнічала дэлегацыя духоўнай семінарыі ў Пінску: выкладчыкі і каля 20 семінарыстаў.

Ватыканскае Радыё

для друку для друку