Папа Францішак заклікае моладзь да ўдзелу ў перадсінадальнай дыскусіі

Святы Айцец заклікаў юнакоў і дзяўчат прыняць актыўны ўдзел у працы перадсінадальнай сустрэчы моладзі з дапамогай сацыяльных сетак. Форум пройдзе 19-24 сакавіка 2018 года ў Рыме. Ён стане важным этапам падрыхтоўкі да XV Генеральнай Асамблеі Сінода Біскупаў, якая адбудзецца ў кастрычніку 2018 года на тэму: “Моладзь, вера і распазнанне пакліканне”.

“Я моцна прагну, каб усе юнакі і дзяўчаты маглі быць дзеючымі асобамі гэтай падрыхтоўкі. Таму яны змогуць браць слова ў інтэрнэце праз адмысловыя моўныя групы, якія будзе мадэрыраваць іншая моладзь. Унёсак “інтэртэт-груп” будзе далучаны да ўнёску рымскай сустрэчы”, — сказаў Папа 18 лютага пасля малітвы “Анёл Панскі” у Ватыкане.

Папа Францішак падкрэсліў, што ўсю неабходную інфармацыю моладзь можа знайсці на сайце Сакратарыяту Сінода Біскупаў, а таксама загадзя падзякаваў ёй “за уклад у супольнае пілігрымаванне”.

Для віртуальнага ўдзелу ў працы перадсінадальнай сустрэчы, маладым людзям ва ўзросце ад 16 да 29 гадоў, трэба, не пазней за 16 сакавіка, зарэгістравацца ў адной з шасці адмысловых моўных груп у сацыяльнай сетцы “Facebook”. Яны былі створаны на англійскай, іспанскай, італьянскай, партугальскай, французскай і нямецкай мовах.

Прапановы і меркаванні, прадстаўленыя ў інтэрнэце, будуць абагульнены і далучаны да справаздачы перадсінадальнай сустрэчы, якую ўручаць Пантыфіку 25 сакавіка. Яна стане часткай “Instrumentum laboris” – працоўнага дакумента кастрычнікага Сінода Біскупаў.

Каментарамі і заўвагамі па тэме сінадальнай сустрэчы можна дзяліцца таксама ў іншых сацыяльных сетках: “Twitter”, “Instagram” і “Whatsapp”, выкарыстоўваючы хэштэг #Synod2018.

Ватыканскае радыё

для друку для друку