Папа Францішак устанавіў новую базыліку

касцёл св. Юзафа ў Познані

Святы Айцец надаў тытул і ранг меншай базылікі касцёлу св. Юзафа ў Познані (Польшча), паведамляе deon.pl

Санктуарый кармелітаў босых на гары св. Войцэха – гэта найстарэйшы польскі храм, прысвечаны св. Юзафу. Дэкрэт ватыканскай Кангрэгацыі па пытаннях Божага культу і дысцыпліны сакрамантаў у справе прызнання тытула ўжо прыйшоў да архіепіскапа Станіслава Гаднецкага.

Старшыня Канферэнцыі епіскапату Польшчы зачытае яго падчас урачыстасці надання святыні годнасці базылікі, якая адбудзецца 19 сакавіка бягучага года, у дзень свята заступніка касцёла.

Як кажа а. Марʼюш Яшчышын, былы познанскі прыёр і правінцыял кармелітаў, касцёл у Познані – гэта першая ў Польшчы кармеліцкая меншая базыліка.

Кармеліты босыя прыбылі ў Познань у 1618 годзе. Асвячэнне першага, драўлянага касцёла св. Юзафа адбылося ў 1621 годзе. Да канца XVII стагоддзя было завершана будаўніцтва барочнай святыні. Хроніка канвента, якую вядуць з XVII стагоддзя, пацвярджае шматлікія ласкі, якія былі атрыманыя праз заступніцтва святога Юзафа.

Варта адзначыць, што тытул меншай базылікі надаецца касцёлам, якія адзначаюцца не толькі архітэктурнай каштоўнасцю, але і вялікім значэннем у рэлігійным жыцці хрысціянскай супольнасці.

для друку для друку