Папа Францішак сустрэўся з сем’ямі ахвяр тэракту ў Ніцы

niccaНа напады д’ябла можна адказваць толькі Божымі ўчынкамі, якімі з’яўляюцца прабачэнне, любоў і павага да бліжняга, сказаў Святы Айцец 24 верасня падчас сустрэчы з параненымі і сем’ямі загінулых у нядаўнім тэракце ў Ніцы. На аўдыенцыю ў Ватыкан прыбылі каля тысячы чалавек розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў.

Францішак запэўніў у сваім спачуванні, блізкасці і малітве ўсіх, хто пацярпеў у выніку гэтага злачынства. “Хачу раздзяліць ваш боль, які становіцца яшчэ большым, калі думаю пра дзяцей, а таксама пра цэлыя сем’і, жыццё якіх абарвалася так раптоўна і так драматычна”, — сказаў Папа.

Пантыфік заўважыў, што трагедыя ў Ніцы выклікала значныя жэсты салідарнасці і падтрымкі. Ён падзякаваў усім, хто аказваў дапамогу ахвярам і працягвае падтрымліваць іх сем’і. Асаблівым чынам Папа адзначыў мясцовую каталіцкую супольнасць і асацыяцыю “Alpes-Maritimes Fraternité”, у склад якой уваходзяць вызнаўцы розных рэлігій. Гэта, па словах Святога Айца, з’яўляецца “вельмі цудоўным знакам надзеі”.

“Устанаўленне шчырага дыялогу і братэрскіх адносін паміж усімі, асабліва паміж тымі, хто вызнае адзінага і міласэрнага Бога, гэта першасна важнае заданне, якому лідэры, як палітычныя, так і рэлігійныя, павінны імкнуцца спрыяць і якое кожны пакліканы спаўняць у сваім асяроддзі. Калі спакуса замкнуцца ў сябе або адказаць на нянавісць нянавісцю, а на насілле яшчэ большым насіллем з’яўляецца вялікай, сапраўднае навяртанне сэрца – неабходнае. Гэта пасланне, якое Евангелле Езуса скіроўвае да ўсіх нас. На напады д’ябла можна адказваць толькі Божымі ўчынкамі, якімі з’яўляюцца прабачэнне, любоў і павага да бліжняга, нават калі ён іншы”, — падкрэсліў Францішак.

Тэрарыстычны напад у Ніцы быў здзейснены 14 ліпеня 2016 г. Грузавы аўтамабіль урэзаўся ў натоўп людзей, пасля чаго вадзіцель адкрыў агонь па прахожых. Ахвярамі злачынства сталі 86 чалавек, яшчэ каля 300 атрымалі раненні.

Ватыканскае радыё

для друку для друку