Папа Францішак правёў відэаканферэнцыю з дзецьмі-інвалідамі з розных краін свету (+відэа)

54d3c52701baf.image5 лютага 2015 г. з нагоды закрыцця IV Сусветнага кангрэсу міжнароднай адукацыйнай сеткі “Scholas Occurentes” (Школы за сустрэчу) папа Францішак правёў відэаканферэнцыю з дзецьмі-інвалідамі з розных краін свету, паведамляе Ватыканскае радыё. Гэта міжнародная сетка школ, створаная Францішкам падчас яго біскупскага служэння ў Буэнас-Айрэсе, сёння аб’ядноўвае 400 тыс. школ на 5 кантынентах.

У тэлемосце з Пантыфікам прыняло ўдзел больш за 260 дзяцей-інвалідаў з Аўстраліі, Афрыкі, Блізкага Усходу, ЗША, Паўднёвай Амерыкі. У кожным дзіцяці схавана скрыначка са скарбам, сказаў Святы Айцец. Гэту скарбонку трэба адкрыць, дастаць з яе скарб, памножыць яго і падзяліцца ім з іншымі. На думку Святога Айца, мы не зможам змяніць свет да лепшага, калі не зменім адукацыю. Адукацыйны пакт, які складаецца ў школе, сям’і, краіне, парушаны. Грамадства і сям’я дэлегуюць абавязкі “педагогам, якія часта атрымліваюць нізкую зарплату, і якія нясуць увесь цяжар гэтай адказнасці”. Папа выказаў настаўнікам сваю блізкасць і ўдзячнасць за іх цяжкую працу.

Кожная краіна павінна імкнуцца знайсці ў сваёй гісторыі і народных традыцыях фундаментальныя рэчы, якія трэба вывучаць і пашыраць, адзначыў Пантыфік. У італьянскай культуры такім падмуркам служыць Дантэ, у Аргенціне – Марцін Ф’ера. Абавязковым на шляху да гармоніі з’яўляецца таксама і імкненне да хараства, спазнання мастацтва, музыкі, скульптуры, літаратуры.

Вельмі кранальным момантам відэаканферэнцыі стаў дыялог Папы з Ізабель, Пэдра, Алісіяй, Эльвірай, Тэйларам, Маношам і Баўці. Дзеці падзяліліся з ім сваімі гісторыямі, сваімі цяжкасцямі і дасягненнямі. 13-летняя сляпая Ізабель расказала Папе пра тое, што любіць атлетыку, якая вучыць яе не здавацца і не паддавацца маркоце. У гутарцы з Алісіяй Святы Айцец прызнаўся, што дрэнна водзіць машыну і не ўмее карыстацца кампутарам.

для друку для друку