- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Папа Францішак пра важнасць святарскага братэрства

[1]Божаму народу трэба бачыць, што яго святары паважаюць адзін аднаго і жывуць як браты, падкрэсліў Пантыфік падчас аўдыенцыі для супольнасці святароў Папскага пабожнага бразільскага калегіума (Pontificio Collegio Pio Brasiliano), а таксама законніц і супрацоўнікаў, якія дапамагаюць рабіць гэту структуру “маленькай часткай Бразіліі ў Рыме”.

Сустрэча прайшла 21 кастрычніка 2017 года ў Ватыкане і была прымеркавана да 300-годдзя адшукання цудадзенай фігуркі Маці Божай з Апарэсіды, апякункі гэтай лацінаамерыканскай краіны, якое адзначаецца сёлета.

У прамове Святы Айцец нагадаў пра важнасць прабывання ў гасцінным асяроддзі, калі знаходзішся далёка ад дома і маеш настальгію. “Такім чынам асяроддзе дапамагае таксама пераадолець цяжкасці адаптацыі да сітуацыі, у якой душпастырская дзейнасць больш не з’яўляецца галоўным заняткам на працягу дня. Вы больш не пробашчы і парафіяльныя вікарыі, але святары-студэнты. І гэты новы статус можа пагражаць стварэннем нераўнавагі паміж чатырма стаўпамі, на якіх трымаецца жыццё прэзбітэра: духоўным вымярэннем, акадэмічным, чалавечым і душпастырскім”, — сказаў Папа.

Папа Францішак заклікаў святароў, каб вучоба, якая ў актуальны перыяд іх жыцця становіцца галоўным заняткам, не прыводзіла да занядбання іншых вымярэнняў. “Неабходна клапаціцца пра духоўнае жыццё праз штодзённую св. Імшу, штодзённую малітву, “lectio divina”, асабістую сустрэчу з Панам, малітву на Ружанцы. Таксама трэба клапаціцца пра душпастырскае жыццё: па магчымасці вітаецца і раіцца ажыцяўленне якой-небудзь апостальскай дзейнасці. Адносна чалавечага вымярэння, трэба, перш за ўсё, пазбягаць, каб перад абліччам пэўнай пустаты, створанай самотнасцю – бо зараз менш карыстаецеся суцяшэннем Божага народа, чым калі былі ў дыяцэзіі, – гублялася касцёльная і місійная перспектыва вучобы”, — сказаў ён.

Па словах Святога Айца, занядбанне гэтых вымярэнняў адчыняе дзверы для некаторых “хваробаў”, якія могуць адолець святара-студэнта, сярод якіх “акадэмізм” і спакуса ператварэння вучобы ў сродак для ўласнага самасцвярджэння. “У абодвух выпадках прыходзіш да гашэння веры, якую мы пакліканы захоўваць, як св. Павел прасіў Цімафея: “Беражы гэты дэпазіт веры, пазбягай бязбожнага пустаслоўя, а таксама супярэчнасцяў фальшывага пазнання, ідучы за якім, некаторыя адышлі ад веры”. Не забывайцеся, калі ласка, што перш чым настаўнікамі і навукоўцамі, вы з’яўляецеся і павінны заставацца святарамі, пастырамі Божага народа!”, — падкрэсліў Францішак.

У якасці самага эфектыўнага сродку ад парушэння раўнавагі паміж фундаментальнымі стаўпамі святарскага жыцця Папа назваў святарскае братэрства. “На практыцы гэта значыць ведаць, што першым аб’ектам нашай душпастырскай любові павінен быць наш брат у святарстве: “Насіце цяжары адзін аднаго і так выканаеце закон Хрыстовы”. Трэба маліцца разам, раздзяляць радасці і выклікі акадэмічнага жыцця; дапамагаць тым, хто пакутуе ад настальгіі; разам здзейсняць прагулкі; жыць як сям’я, па-братэрску, нікога не пакідаючы асобна, уключаючы тых, хто перажывае цяжкасці або, магчыма, меў годныя ганьбавання паводзіны, таму што “святарскае братэрства не выключае нікога”, — нагадаў Папа.

Францішак падкрэсліў, што бразільскі народ, якія перажывае цяжкі перыяд сваёй гісторыі, мае патрэбу ў сведчанні адзінства паміж святарамі, а таксама ў тым, каб бачыць у іх знак надзеі перад абліччам сацыяльных праблем і карупцыі. “Бразільцы маюць патрэбу ў тым, каб бачыць духавенства паяднаным, братэрскім і салідарным, у якім святары разам пераадольваюць перашкоды, не паддаючыся спакусе самарэкламавання і кар’ерызму. Я ўпэўнены, што Бразілія пераадолее свой крызіс і спадзяюся, што вы будзе галоўнымі дзеючымі асобамі ў гэтым”, — пажадаў Папа.

Ватыканскае радыё [2]