Папа Францішак пра словы малітвы «Ойча наш»

Святы Айцец выказаў меркаванне, што радок малітвы “Ойча наш”, у якім гаворыцца “не ўводзь нас у спакусу”, не быў добра перакладзены, паведамляе Ватыканскае радыё. Пантыфік заўважыў, што нядаўна французскі епіскапат зацвердзіў новы пераклад гэтай малітвы, у якім спрэчны радок гучыць інакш, а менавіта: “не дазволь мне ўвайсці ў спакусу”. 

“Гэта не Бог уводзіць мяне ў спакусу, каб потым убачыць, як я ўпаў. Нябесны Айцец не робіць гэтага. Нябесны Айцец дапамагае неадкладна ўстаць. Гэта д’ябал уводзіць нас у спакусу, гэта яго дзеянні”, — сказаў Папа Францішак падчас сёмай праграмы з цыклу “Ойча наш” (Padre nostro), якая выйшла 6 снежня 2017 г. на тэлеканале італьянскага епіскапату “TV2000”. У яе рамках Папа размаўляе аб галоўнай хрысціянскай малітве з кс. Марка Поца, турэмным капеланам з Падуі.

Тэлепраграма рэалізуецца ў супрацоўніцтве паміж Сакратарыятам па камунікацыі Святога Пасаду і “TV2000”. Апрача Пантыфіка ў ёй выступаюць вядомыя свецкія вернікі са свету культуры і шоў-бізнеса. У эфір выйдзе дзевяць выпускаў. Героем трэцяга стала італьянская актрыса, прадзюсер і мадэль Марыя Грацыя Кучынота. З адказаў Францішка ў рамках праграмы “Ойча наш” таксама нарадзілася аднайменная кніга, якая з’явіцца на паліцах кнігарняў Італіі ў канцы лістапада.

для друку для друку