Папа Францішак пасрэднічае ў перамовах у Паўднёвым Судане

SudanСвяты Айцец паслаў ва ўцягнуты ў вайну Паўднёвы Судан свайго спецыяльнага прадстаўніка. Кардынал Пітэр Тарксан перадаў бакам узброенага канфлікту пасланне, у якім Пантыфік рашуча заклікае да спынення насілля і будавання міру.

Старшыня Папскай рады “Iustitia et Pax” запэўніў, што ў сталіцу краіны, горад Джуба, хутка прыбудзе ватыканскі транспарт з медыкаментамі і прадуктамі харчавання.

“Мая прысутнасць стала важным жэстам салідарнасці, а таксама бальзамам надзеі”, — пракаментаваў кардынал Тарксан свой візіт. Ён паведаміў, што сустракаўся з Прэзідэнтам краіны, якому перадаў пасланне Пантыфіка. Іерарх адзначыў таксама ў інтэрв’ю Ватыканскаму радыё, што намеснік кіраўніка дзяржавы, адказны за сутыкненні, разам з падуладнымі яму ўзброенымі сіламі збег са сталіцы.

“Я таксама наведаў месцы, дзе знаходзяцца бежанцы. Шмат хто знайшоў прытулак у каталіцкіх школах і храмах. Салезіяне і законніцы робяць усё, што ў іх сілах, каб тысячы людзей былі забяспечаны ежай. Вымушаныя пакінуць свае дамы, яны жывуць у велізарнай беднасці. Яна правакуе распаўсюд захворванняў: малярыі і халеры.

У краіне цяпер адносна спакойна, але ўсё яшчэ ёсць асцярогі, што канфлікт успыхне з новай сілай, як гэта ўжо адбывалася ў мінулым”, — распавёў спецыяльны пасланнік Папы. Ён прызнаўся, што перад ад’ездам Францішак сказаў яму, што хацеў бы мець магчымасць асабіста паехаць у Судан.

Ватыканскае Радыё

для друку для друку