Папа Францішак падкрэсліў, што пакоры не бывае без прыніжэнняў

Пакора не ў тым, каб хадзіць з пахіленай галавой, але каб годна зносіць прыніжэнні, падкрэсліў Папа Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі, якую 29 студзеня цэлебраваў у капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі, паведамляе Ватыканскае радыё. У гаміліі ён звярнуўся да прыкладу караля Давіда, каб прадэманстраваць, што пакора з’яўляецца шляхам да святасці.

Папа нагадаў, што Давід павінен быў выцерпець шматлікія выпрабаванні: уцякаючы ад пераследу свайго сына Абсалома, ён клапаціўся не пра “ўласную скуру”, але пра давераны яму народ, святыню і каўчэг. Ён плакаў, ідучы з пакрытай галавой і басанож, з пакорай зносячы абразы і спадзеючыся на Божую літасць і благаслаўленне, як на ўзнагароду за пакору.

Святы Айцец заўважыў, што ва ўзыходжанні Давіда на Аліўную Гару прысутнічае прароцтва аб Езусе, Які павінен будзе ўзняцца на Кальварыю, каб аддаць жыццё пад здзекі людзей. Тут гучыць спасылка на пакору Езуса, падкрэсліў Папа, і дадаў, што “сапраўднай пакоры не існуе без прыніжэнняў”. “Калі ты няздольны зносіць прыніжэнні, несці іх на сваіх плячах, ты не пакорны: толькі робіш выгляд, але не з’яўляешся ім”, — перакананы Папа Францішак.

для друку для друку