Папа Францішак пачаў свой візіт ў Афрыку

afrikaПапа Францішак адправіўся 25 лістапада 2015 года ў сваё першае падарожжа ў Афрыку. У 8.01 па рымскім часе авіялайнер А330 (“Giotto”) авіякампаніі “Alitalia” з Пантыфікам на борце вылецеў з аэрапорта “Ф’юмічына” ў Найробі. Самалёт праляцеў 5 389 кіламетраў па маршруце праз Грэцыю, Егіпет, Судан і Эфіопію і каля 17.00 па мясцовым часе прызямліўся ў аэрапорце “Джомо Кеньята” ў Найробі. 

Гэта першая паездка Святога Айца на афрыканскі кантынент, паведамляе Ватыканскае радыё Ён стане чацвёртым Пантыфікам у сучасныя часы, які адправіўся ў Афрыку.

Непасрэдна перад тым, як адправіцца ў аэрапорт, Святы Айцец сустрэўся перад сваёй ватыканскай рэзідэнцыяй з жанчынамі, ахвярамі насілля ў сям’і і гандлю людзьмі, і іх дзецьмі. Гэта італьянкі, нігерыйкі, румынкі і ўкраінкі, якімі займаюцца каталіцкія дабрачынныя арганізацыі ў італьянскім рэгіёне Лацыё.

Візіт Святога Айца ў Афрыку працягнецца да 30 лістапада 2015 г. Ён наведае Кенію, Уганду і Цэнтральнаафрыканскую Рэспубліку. Гэта будзе аддзінаццатае Апостальскае падарожжа Папы Францішка.

Ужо заўтра ў сталіцы Кеніі Папа прыме ўдзел у міжрэлігійнай і экуменічнай сустрэчы, узначаліць св. Імшу, звернецца да мясцовага духавенства і кансэкраваных асоб, наведае структуры ААН, а на наступны дзень адправіцца ў адзін з самых бедных сталічных раёнаў і правядзе спатканні з моладзю і мясцовым епіскапатам.

27 лістапада Францішак прыбудзе ва Уганду. Акрамя традыцыйных сустрэч з Прэзідэнтам, палітыкамі і членамі дыпламатычнага корпуса, Святы Айцец наведае два санктуарыі, прысвечаныя мясцовым каталіцкім і англіканскім мучанікам. Ён спаткаецца з катэхетамі, моладзю, духавенствам, наведае адзін з дабрачынных цэнтраў.

29 лістапада Пантыфік пачне візіт у Цэнтральнаафрыканскую Рэспубліку. Пасля сустрэчы з палітычным кіраўніцтвам краіны, ён наведае лагер для бежанцаў. У праграму ўключана спатканне з мясцовымі біскупамі і пратэстанскай супольнасцю. Папа будзе цэлебраваць Эўхарыстыю разам з мясцовым духавенствам, а закончыць дзень удзелам у малітоўным чуванні моладзі.

30 лістапада Францішак наведае мусульнаскую супольнасць у сталіцы Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі Бангі і ўзначаліць св. Імшу на стадыёне спартыўнага комплексу. Пасля гэтага пакіне краіну і накіруецца ў Рым.

для друку для друку