Папа Францішак наведаў дзве медыцынскія структуры. Фотафакт

Пра каштоўнасць чалавечага жыцця ад самага яго пачатку да натуральнай смерці нагадаў Святы Айцец наведаўшы 16 верасня 2016 г. дзве ўстановы ў Рыме: аддзяленне неанаталогіі ў шпіталі св. Яна і хоспіс “Villa Speranza”. Візіты сталі часткай юбілейнай ініцыятывы “Пятніцы міласэрнасці”, у рамках якой Папа кожны месяц сустракаецца з людзьмі, асабліва патрабуючымі спагады. 

У аддзяленні неанаталогіі рымскага шпіталя св. Яна, акрамя здаровых дзяцей, на цяперашні момант знаходзяцца 16 немаўлятаў з рознымі прыроджанымі парокамі. Яшчэ восем прабываюць ў вельмі цяжкім стане ў аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі.

Персанал клінікі, пацыенты і іх блізкія былі вельмі здзіўлены візіту Папы. Унутры бальніцы, захоўваючы звычайныя для такіх месцаў правілы гігіены, паверх сутаны і абутку, Францішак насіў спецыяльны халат і бахілы. Ён падышоў да кожнага інкубатара, благаславіў немаўлятаў і іх бацькоў, скіроўваючы да іх словы суцяшэння і падтрымкі.

papa_hospis_9

У хоспісе “Villa Speranza”, які затым наведаў Пантыфік, знаходзяцца 30 невылечных пацыентаў у апошніх стадыях хваробаў. Гэта ўстанова належыць да клінікі Каталіцкага ўніверсітэта Святога Сэрца Езуса “Gemelli”. Папа наведаў кожнага пацыента ў яго пакоі.

У рамках ініцыятывы “Пятніцы міласэрнасці” раней Францішак ужо наведваў дом састарэлых, цэнтр рэабілітацыі для нарказалежных, цэнтр для мігрантаў, сустракаўся з бежанцамі на востраве Лесбас і з асобамі, якія пакутуюць ад расстройстваў псіхік, наведваў хворых і пажылых святароў, маліўся ў “Аўшвіц-Біркенаў”, наведваў хворых дзяцей ў педыятрычнай клініцы ў Кракаве і сустракаўся з жанчынамі, вызваленымі ад рабства прастытуцыі.

Ватыканскае радыё
Фота з розных крыніц з інтэрнэту

для друку для друку