- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Папа Францішак на Сусветны дзень камунікацыі пра шкоду фэйк-ньюс

[1]Сёння патрэбна журналістыка, якая заўсёды шукае праўду і “занятая пошукам альтэрнатыўных для эскалацыі падману і слоўнага насілля рашэнняў”. З нагоды Сусветнага дня сацыяльнай камунікацыі, Папа Францішак заклікаў тых, хто працуе ў гэтай сферы вярнуцца да асноў сваёй прафесіі і місіі і быць сапраўднымі “захавальнікамі навін”.

Тэма сёлетняга Паслання: “Праўда вызваліць вас. Фэйк-ньюс і мірная журналістыка”, адсылае да 1972 г., калі Павел VI абраў для разважання ў рамках Сусветнага дня праблематыку інфармацыі, якая стаіць на службе праўды.

Дэзінфармацыя дыскрэдытуе чалавека і распальвае канфлікты

У першай частцы Паслання, Папа аналізуе феномен фэйк-ньюс. Мэта ілжывых навін, “падмануць чытача і нават маніпуляваць ім”. Ён прыводзіць прыклад выкарыстання сацыяльных сетак, праз якія распаўсюджваюцца “вірусныя” ілжывыя навіны. Драма дэзінфармацыі, папярэджвае Папа Францішак, гэта “дыскрэдытацыя іншага, прадстаўленне яго ў якасці ворага”, што служыць “распальванню канфлікту”. Ён адзначае, што за гэтым часта стаіць “прага ўлады” і імкненне “скрасці свабоду сэрца”.

Фэйк-ньюс заснаваныя на “логіцы змея”

Усе, гаворыцца ў Пасланні, павінны супрацьстаяць гэтай хлусні. Тут павінен рабіцца акцэнт на адукацыйныя ініцыятывы, што дапаможа кожнаму ня быць нявольным распаўсюджвальнікам дэзінфармацыі, але стаць тым, хто яе раскрые. Папа, звяртаючыся да Кнігі Быцця, адзначае, што ў аснове ілжывай інфармацыі ляжыць “логіка змея”, які, так ці інакш, стаў “першым архітэктарам фэйк-ньюс”. Біблійны эпізод, паказвае, што дэзінфармацыя ніколе не можа быць бясшкоднай.

Пошук ісціны – найбольш радыкальны антыдот да віруса хлусні

Праўда, падкрэслівае Пантыфік, з’яўляецца найбольш радыкальным проціяддзем ад “віруса хлусні”. Таксама пошук адносін, у першую чаргу з Богам, спрыяе вызваленню ад фальшу. Гэта два складальнікі, без якіх нашыя словы і дзеянні ніколі не будуць праўдзівымі, сапраўднымі і надзейнымі.

Журналіст з’яўляецца “захавальнікам навін”

Людзі, а не стратэгіі, лічыць Пантыфік, з’яўляюцца лепшым “антыдотам на хлусню”. Ён дадае, што гаворка ідзе пра людзей, вольных ад прагнасці, гатовых слухаць і праз шчыры дыялог даходзіць да праўды. Журналіст, гучыць у Пасланні, гэта “захавальнік навін” і яго задача, у віхуры “гарачых тэм”, памятаць, што галоўнае ў навінах не хуткасць іх апублікавання і ўздзеянне на аўдыторыю, але чалавек.

Прасоўванне мірнай журналістыкі, якая стварае камунію

Пасланне Папы Францішка завяршаецца пранікнёным заклікам да “мірнай журналістыкі”. Гаворка не ідзе пра журналістыку, “якая адмаўляе наяўнасць сур’ёзных праблем”, але журналістыку “без прытворства, якая варожа ставіцца да хлусні, да эфектных лозунгаў і высакамоўных заяў”. Патрэбна журналістыка, “зробленая людзьмі для людзей”, як “служэнне”.

Папскі дакумент завяршаецца францішканскай малітвай.

52-гі Сусветны дзень сацыяльнай камунікацыі будзе адзначацца сёлета 13 мая. Папскае пасланне, прымеркаванае да яго, традыцыйна публікуецца загадзя, ва ўспамін св. Францішка Сальскага, апекуна журналістаў.

Ватыканскае радыё [2]