Папа Францішак ініцыяваў змены ў абрадзе абмыцця ног

abmycce nogПапа даручыў Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў увесці змены ў прадпісанні адносна абраду абмяцця ног падчас Імшы Вячэры Пана ў Вялікі чацвер.

У спецыяльным дэкрэце дыкастэрыі нагадваецца, што гэта літургічная практыка была ўведзена ў 1955 г. разам з рэформай Вялікага Тыдня. Дэкрэт “Maxima Redemptionis nostrae mysteria” прадпісвае, кіруючыся душпастырскімі прычынамі правесці абмыванне ног дванаццаці мужчынам падчас Імшы Вячэры Пана, што дэманструе пакору і любоў Хрыста да сваіх вучняў.

Здзяйсняючы гэты абрад, гаворыцца ў дэкрэце кангрэгацыі, апублікаваным 21 студзеня 2016 г., біскупы і святары запрашаюцца да наследавання Хрыста, Які “не для таго прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць” (Мц 20, 28), і Яго любові “дарэшты” (Ян 13,1 ), якая праявілася ў адданні жыцця за збаўленне ўсяго чалавецтва.

Змены закліканы “прадэманстраваць поўны сэнс абраду”. Да гэтага часу рэкамендацыя, змешчаная ў рубрыках Рымскага Імшалу гучала: “Прыслугоўваючыя праводзяць выбраных мужчын…”.

Пасля змен тэкст гучыць так: “Прыслугоўваючыя праводзяць выбраных з Божага народа…”. У дакуменце тлумачыцца, што цяпер “душпастары могуць выбраць невялікую групу вернікаў, якая ўяўляе сабой разнастайнасць і адзінства кожнай часткі Божага народа”.

Прычым, гэтая група можа складацца як з мужчын, так і жанчын, маладых і пажылых, здаровых і хворых, духавенства, манаскіх асоб, свецкіх.

Ватыканскае Радыё

для друку для друку