- Каталіцкі Веснік - http://catholicnews.by -

Папа Францішак гродзенскім пілігрымам пра візіт у Беларусь: «Калі дазволіць Пан Бог, то гэта будзе» (+відэа)

AFP4084441_Articolo [1]15 красавіка Папа Францішак скіраваў адмысловае прывітанне настаяцелям і навучэнцам семінарыі ў Гродне. Гэта адбылося падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра, на якой прысутнічалі гродзенскія пілігрымы ў рамках сваёй пілігрымкі ў Рым. Зварот Святога Айца прагучаў на ватыканскай плошчы ў перакладзе на беларускую мову, паведамляе Ватыканскае радыё [2].

Звятаючыся да святароў і семінарыстаў, Папа сказаў: “Сардэчна вітаю настаяцеляў і семінарыстаў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне ў Беларусі, якія прыбылі ў пілігрымцы падзякі за 25 гадоў яе дзейнасці. Умілаваныя, няхай візіт да магіл святых апосталаў Пятра і Паўла нагадвае вам, што пакліканне да святарства, перш за ўсё, асабістая сустрэча з уваскрослым Хрыстом, Які кліча і пасылае сваіх вучняў несці ўсім радасную навіну аб збаўленні. Аб’яднаныя з Ім, будзьце мужнымі, каб сведчыць Евангелле са шчырасцю і міласэрнасцю. Я благаслаўляю вас з любоўю. Хвала Езусу Хрысту!”.

Пасля агульнай аўдыенцыі Францішак падышоў да беларускіх пілігрымаў і размаўляў з імі на працягу некалькіх хвілін. Семінарыйная супольнасць запрасіла Папу наведаць Беларусь.

Папа ўсміхнуўся, зірнуў на неба і сказаў: «Калі дазволіць Пан Бог, то гэта будзе».

Завяршылася кароткая сустрэча супольным фота.

Пілігрымка семінарыстаў, выкладчыкаў і святароў Гродзенскай дыяцэзіі ў Вечны горад пачалася 10 красавіка 2015 г. Яе ўдзельнікі наведваюць галоўныя рымскія базылікі, а таксама месцы, звязаныя з жыццём апосталаў і святых, узносячы падзяку Богу за 25 гадоў дзейнасці семінарыі і чэрпаючы духоўныя сілы для далейшай вучобы, выкладчыцкай і душпастырскай працы.