Папа Францішак даў парады моладзевым душпастырам

Пра важнасць душпастырства моладзі нагадаў папа Францішак 11 снежня ў сваім пасланні да ўдзельнікаў IV Еўрапейскай сустрэчы моладзевых душпастыраў, якая пачалася ў Рыме па ініцыятыве Папскай рады па справах свецкіх і Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы.

Як паведамляе Ватыканскае радыё, Святы Айцец нагадаў, што гэта сфера дзейнасці Касцёла, павінна быць нечым большым за простую арганізацыю рознай дзейнасці для юнакоў і дзяўчат: яна павінна характарызавацца прысутнасцю побач з імі – суправаджэннем у складаных і часам цяжкіх кантэкстах, у якія яны пагружаны. Каб несці Хрыста ў жыццё моладзі неабходна весці дыялог з ёй, але “сапраўдны дыялог у такім сэнсе можа весці той, хто жыве асабістымі адносінамі з Панам Езусам”, заўважыў Папа.

Францішак заклікаў моладзевых душпастыраў ствараць “сетку” знаёмстваў і сяброўства на еўрапейскім узроўні і дзяліцца досведам працы паміж сабой. “Мы добра ведаем, што зрабіць трэба шмат. Прашу вас ніколі не стамляцца абвяшчаць Евангелле, жыццём і словам: сённяшняя Еўропа патрабуе новага знаёмства з ім”, — адзначыў Пантыфік.

На думку Святога Айца, юнакі і дзяўчаты павінны ўсведамляць, што вера і розум не супрацьлеглыя адно аднаму, станавіцца сведкамі Евангелля сярод сваіх аднагодак. Акрамя таго, Францішак падкрэсліў, што душпастырства паклікана прапанаваць моладзі шлях распазнання паклікання і падрыхтоўкі да наследвання Езуса ў сужэнскім і сямейным жыцці, або ў асаблівым прысвячэнні сябе служэнню Божаму Валадарству.

для друку для друку