Папа Францішак: да святасці праз маленькія жэсты

Дзесяць тысяч пілігрымаў з італьянскіх дыяцэзій Балоння і Чэзена-Сарсіна прынялі ўдзел у сустрэчы з Папам Францішкам, якая 21 красавіка 2018 года прайшла на плошчы св. Пятра ў Ватыкане. Вернікі прыбылі ў Вечны горад, каб падзякаваць Пантыфіку за мінулагодні візіт на іх родную зямлю і зноў выслухаць яго падбадзёрваючыя словы.

Святочная праграма на ватыканскай плошчы пачалася са сведчанняў некаторых пажылых і няпоўнаспраўных асобаў. Затым перад пілігрымамі выступілі некалькі музыкантаў, сярод якіх славуты італьянскі спявак Джані Марандзі, ураджэнец Мангідоры, якая ўваходзіць у Балонскую дыяцэзію.

Папа Францішак з’явіўся на плошчы св. Пятра дакладна апоўдні па цэнтральнаеўрапейскім часе. Заняўшы сваё месца на спецыяльным подыуме перад фасадам базылікі, ён падзякаваў вернікам за гасціннасць, якую сустрэў падчас наведвання Балонні і Чэзены ў кастрычніку 2017 г.

Паводле яго слоў, гэты візіт стаў “дарам Божага Провіду, каб пацвердзіць і ўмацаваць пачуццё веры і прыналежнасці да Касцёла, якія абавязкова павінны выяўляцца ў міласэрных паводзінах і жэстах, асабліва да самых слабых людзей”. “Дзякую Богу за гэта і заклікаю вас працягваць з адвагай крочыць тым шляхам, на які вы паўсталі”, — дадаў Папа.

Францішак заклікаў пілігрымаў горача “абвяшчаць Евангелле сваім землякам, даючы сведчанне праз учынкі, якія не абавязкова павінны быць вялікімі”. “Хрысціяне з’яўляюцца закваскай любові, братэрства і надзеі праз шматлікія маленькія штодзённыя жэсты. Любіце маленькія штодзённыя жэсты – яны нязначныя як закваска, але прыносяць шмат дабра”, — сказаў Пантыфік.

Святы Айцец нагадаў, што прычынай яго візіту ў Балонню было закрыццё Дыяцэзіяльнага эўхарыстычнага кангрэса. У сувязі з гэтым ён падкрэсліў, што супольны ўдзел у Эўхарыстыі ўмацоўвае братэрскія адносіны і дапамагае ўзнікненню “святых і місійных супольнасцяў”.

“Сапраўды, Эўхарыстыя стварае Касцёл, збірае яго і злучае ў повязі любові і надзеі. Пан Езус устанавіў яе, каб мы заставаліся ў Ім і складалі адзінае Цела: з чужых і абыякавых адзін да аднаго станавіліся паяднанымі і братамі”, — зазначыў Францішак.

Паводле Папы, “Эўхарыстыя вучыць нас аддаваць першаснасць любові і практыкаваць справядлівасць у яе завершанай форме, якой з’яўляецца міласэрнасць”. “Эўхарыстычны культ вучыць нас таксама здаровай іерархіі каштоўнасцяў: не ставіць на першае месца зямныя справы, але нябесныя даброты; прагнуць не толькі матэрыяльнай ежы, але таксама той, якая застаецца на жыццё вечнае”, — падкрэсліў Святы Айцец.

Папа заклікаў вернікаў адказаць на крык, у тым ліку маўклівы, шматлікіх людзей, якія маюць патрэбу ў тым, каб сустрэцца з Езусам Хрыстом, бо гэта місія кожнага хрысціяніна.

“Вось наша місія, якая ў той жа час з’яўляецца адказнасцю і радасцю, спадчынай збаўлення і дарам, якім трэба дзяліцца. Яна патрабуе шчодрай адкрытасці, адрачэння ад сябе і даверлівага аддання Божай волі. Гаворка ідзе пра здзяйсненне шляху святасці, каб з адвагай адказаць на заклік Езуса, кожны згодна з уласным выключным харызматам. Хрысціянін не можа думаць пра ўласную місію на зямлі, не разумеючы яе як шлях да святасці”, — перакананы Пантыфік.

Напрыканцы прамовы Папа заўважыў, што пакліканне да святасці тычыцца кожнага ахрышчанага чалавека. “Гэта шлях, які пачынаецца ад хрысцільнай крыніцы і вядзе аж да Неба, які спаўняецца дзень за днём праз прыняцце Евангелля ў канкрэтным жыцці. Не стамляйцеся перш за ўсё шукаць Бога і Яго Валадарства, а таксама служыць братам, заўсёды з прастатой і братэрствам”, — заклікаў Пантыфік вернікаў італьянскіх дыяцэзій Балоння і Чэзена-Сарсіна.

Ватыканскае радыё

для друку для друку