Папа Францішак да артыстаў: сеяць ласкавасць, мір і адкрытасць

Мастацтва – гэта цудоўны сродак, каб адкрыць брамы розума і сэрца на сапраўднае значэнне Божага нараджэння, падкрэсліў Святы Айцец падчас аўдыенцыі для ўдзельнікаў і арганізатараў дабрачыннага канцэрта, які 16 снежня 2017 года пройдзе ў ватыканскай Зале Паўла VI. У сустрэчы з Пантыфікам прынялі ўдзел каля 180 чалавек.

“Божае Нараджэнне – гэта душэўнае, супольнае свята, здольнае сагрэць самыя халодныя сэрцы, знішчыць бар’еры абыякавасці да бліжняга, падштурхнуць да адкрытасці на іншага чалавека і шчырага дару. Таму існуе патрэба таксама ў распаўсюджванні паслання міру і братэрства, якое ўласціва Божаму нараджэнню. Існуе патрэба ў тым, каб прадставіць гэту падзею, выражаючы сапраўдныя пачуцці, якія яе напаўняюць. І мастацтва з’яўляецца цудоўным сродкам, каб адкрыць брамы розума і сэрца на сапраўднае значэнне Божага нараджэння. Творчасць і геніяльнасць артыстаў, іх дзейнасць, у тым ліку музыка і спевы, могуць дасягнуць самых глыбокіх рэгістраў сумленняў”, —  сказаў Папа.

Францішак выказаў спадзяванне, што канцэрт стане нагодай, каб пасярод насілля і войнаў, якія трываюць у свеце, сеяць ласкавасць, мір і адкрытасць, крыніца якіх знаходзіцца ў бэтлеемскай стаенцы. Удзельнікам мерапрыемства, а таксама іх сем’ям, ён пажадаў напоўненых спакоем і радасцю святаў Божага нараджэння і ўдзяліў сваё благаслаўленне.

У ватыканскім святочным канцэрце прымуць удзел зоркі сусветнай і італьянскай эстрады, сярод якіх Эні Ленакс, Паці Сміт, Імані, Ноа, Хоакін Картэс, Лола Понсэ, Аль Бана, Джыджы Д’Алесіа і многія іншыя.

Сабраныя падчас мерапрыемства сродкі будуць падзелены паміж двума дабрачыннымі праектамі. Адрасатамі дапамогі стануць Папскі фонд “Scholas Occurrentes”, які накіруе атрыманыя ахвяраванні на барацьбу з феноменам цкавання і кібербулізма, і фонд “Дон Боска ў свеце”, які змагаецца з выкарыстаннем дзіцячай працы ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга.

Сёлетні дабрачынны ватыканскі канцэрт, прымеркаваны да Божага Нараджэння, стане юбілейным – ён пройдзе ўжо ў 25-ы раз. Традыцыю правядзення падобных мерапрыемстваў увёў у 1993 г. св. Ян Павел ІІ. Трансляцыя канцэрту па тэлебачанні звычайна адбываецца ў вігілію Божага Нараджэння, вечарам 24 снежня, на італьянскім “Canale 5”.

Ватыканскае радыё

для друку для друку