Папа Францішак: чытайце па ўрыўку з Евангелля кожны дзень

papa i evangelleЕвангелле – гэта слова жыцця. Яно здольнае змяняць людзей, нагадаў папа Францішак учора перад малітвай “Анёл Панскі”.

Святы Айцец у чарговы раз заклікаў вернікаў падтрымліваць блізкі кантакт з Божым словам, прынамсі чытаючы штодзённа адзін з маленькіх евангельскіх урыўкаў.

У сваім кароткім разважанні перад малітвай ён распавёў як Хрыстус, з дапамогай выключна Божага слова вызваляў людзей ад апанавання нячыстымі духамі. “Евангельскі ўрывак гэтай нядзелі (Мк 1,21-28) прадстаўляе Езуса, які са сваёй маленькай супольнасцю вучняў, уваходзіць у Кафарнаум, горад дзе жыў Пётр і які, у тую эпоху, быў самым вялікім горадам Галілеі.

І Ён увайшоў у гэты горад, – сказаў Папа. Евангеліст Марк распавядае, што Езус, улічваючы тое, што быў шабат, неадкладна пайшоў у сінагогу і пачаў навучаць (пар. 21). Гэта падштурхоўвае да думкі аб першаснасці Божага слова – слова, якое трэба слухаць, прымаць і абвяшчаць. Прыбываючы ў Кафарнаум, Езус не адкладае абвяшчэнне Евангелля, не думае ў першую чаргу пра лагістычныя ўпарадкаванні – канешне неабходныя – сваёй маленькай супольнасці, не засяроджваецца на арганізацыйных момантах.

Яго галоўным клопатам была перадача Божага слова сілай Святога Духа. І народ у сінагозе быў уражаны, таму што Езус “вучыў іх як той, хто мае ўладу, а не як кніжнікі” (22).

Што значыць “як той, хто мае ўладу”? Гэта азначае, што ў чалавечых словах Езуса адчувалася ўся сіла Божага слова, адчувалася моц самаго Бога, які з’яўляецца натхняльнікам Святога Пісання. Адна з характарыстык Божага слова – спаўненне таго, пра што яно кажа.

Таму што слова Бога адпавядае Яго волі. У сваю чаргу, мы, часта прамаўляем пустыя словы, неўкаранёныя ці павярхоўныя, словы, якія не адпавядаюць праўдзе. Слова Бога, аднак, адпавядае праўдзе – яно знітавана з Яго воляй і спаўняе тое, пра што кажа.

Сапраўды, Езус, пасля прапаведвання, неадкладна прадэманстраваў сваю моц вызваліўшы чалавека, прысутнага ў сінагозе, які быў апанаваны нячыстым духам (Мк 1,23-26). Менавіта боская моц, якой валодаў Хрыстус выклікала рэакцыю нячыстага духа, прысутнага ў гэтым чалавеку; Езус, у сваю чаргу, адразу распазнаў голас злога і строга загадаў яму: “Змоўкні і выйдзі з яго!” (25). Выключна сілай свайго слова Езус вызваліў чалавека ад злога. І яшчэ раз былі здзіўлены прысутныя: “Ён і духам нячыстым загадвае, і яны слухаюцца Яго”. Слова Божае нас здзіўляе. Мае гэту сілу: прымушае здзіўляцца.

Евангелле – гэта слова жыцця: яно не прыгнятае людзей, а наадварот, вызваляе тых, хто з’яўляюцца рабамі многіх нячыстых духаў гэтага свету: духа марнасці, прывязанасці да грошай, пыхі, эратызму… Евангелле змяняе сэрца, змяняе жыццё, перамяняе кепскія схільнасці ў добрыя памкненні.

Евангелле здольнае змяняць людзей! Менавіта таму, заданнем хрысціян з’яўляецца распаўсюджванне паўсюль яго збаўчай сілы, становячыся місіянерамі і прадвеснікамі Божага слова.

Гэта нам прапануе той самы сённяшні ўрывак, які заканчваецца на місійнай ноце: “І адразу разышлася пра Яго чутка па ўсёй ваколіцы Галілеі” (28). Новае вучэнне, якому з моцай навучыў Езус – гэта тое, якое Касцёл нясе ў свет, разам з плённым знакамі Яго прысутнасці: моцнае навучанне і вызваляючая дзейнасць Сына Божага няхай становяцца словамі збаўлення і жэстамі любові місійнага Касцёла.

Заўсёды памятайце, што Евангелле мае сілу змяняць жыццё! Не забывайце пра гэта! Яно з’яўляецца Добрай навінай, якая нас перамяняе толькі калі мы дазваляем ёй гэта зрабіць.

Таму я прашу вас мець штодзённы кантакт з Евангеллем, чытаць яго кожны дзень – адзін урывак – разважаць над ім і паўсюль насіць яго з сабой: у кішэні, у сумцы… Гэта значыць штодзённа насычацца з гэтай невычэрпнай крыніцы збаўлення. Не забывайце пра гэта! Чытайце адзін урывак з Евангелля кожны дзень! Гэта сіла, якая нас змяняе: змяняе жыццё і сэрца.

Папросім аб матчыным заступніцтве Панны Марыі – той якая прыняла Слова і нарадзіла Яго для свету, для ўсіх людзей. Няхай яна нас навучыць быць дбайнымі слухачамі і аўтарытэтнымі абвяшчальнікамі Евангелля Езуса.

Ватыканскае Радыё

для друку для друку