Папа Францішак блаславіў новую карону для абраза Маці Божай Чэнстахоўскай

Папа Францішак блаславіў новую карону для цудадзейнага абраза Маці Божай на Яснай Гары ў Чэнстахове (Польшча).

Новая дыядэма – аўтарская копія кароны, ахвяраванай 300 гадоў таму Папам Кліментам ХІ пры першай каранацыі чэнстахоўскага абраза. На жаль, тая карона была выкрадзена ў 1909 годзе, а цяпер, у сувязі з юбілеем 300-годдзя каранацыі абраза Маці Божай, узнікла думка яе аднавіць.

Урачыстае благаслаўленне адбылося падчас агульнай аўдыенцыі ў Папы Францішка. У ім прыняў удзел прыёр Яснагурскага кляштара а. Марʼян Валігура.

«Папа падышоў да нас і блаславіў новую карону, якая зʼяўляюцца дарам італьянскай дыяцэзіі Кратонэ для Маці Божай на Яснай Гары, – распавёў айцец. – Гэта выдатны ювелірна-мастацкі твор. Духоўная ідэя таго, каб Святы Айцец блаславіў іх, была вельмі добрая і прыгожая, паколькі мы ўжо маем кароны, якія благаслаўлялі папярэднія Пантыфікі: св. Ян Павел II і Бенэдыкт XVI, а зараз ёсць яшчэ і гэтая, з блаславеннем Папы Францішка», – кажа а. Марʼян.

Падчас благаслаўляння кароны, Пантыфік усміхнуўся і сказаў: «Прашу памаліцца за мяне ў вашым санктуарыі» . У сваю чаргу, ад нас Папа атрымаў невялікую копію цудатворнага абраза і таксама яе блаславіў. Падзякаваў за Маці Божую і папрасіў аб малітве.

Мне здаецца, што для нас гэта быў добры знак, з аднаго боку, сувязі Яснай Гары з наступнікам св. Пятра, а з другога – гэтай духоўнай патрэбы Папы Францішка, каб быць перад Маці Божай на Яснай Гары. Па меншай меры я так гэта ўспрыняў, калі Святы Айцец, адыходзіў ад нас, то чарговы раз папрасіў: «Маліцеся за мяне ў вашым санктуарыі», – распавядае далей а. Марʼян Валігура.

Таксама а. Валігура распавёў Папе аб усталяванні цеснага супрацоўніцтва з італьянскім санктуарыем Madonna di Capocolonna, размешчаным на тэрыторыі дыяцэзіі Кратонэ, якая ахвяравала кароны для Маці Божай Чэнстахоўскай.

«У гэтым санктуарыі з XII стагоддзя, падобна як і на Яснай Гары, ушаноўваецца абраз Багародзіцы. Менавіта з гэтай дыяцэзіі паходзіць залатых спраў майстар, які падрыхтаваў аўтарскую копію кароны Клімента ХI. Ініцыятыва стварэння аўтарскай копіі кароны, якую на першай каранацыі ў 1717 г. падарыў Яснай гары Папа Клімент ХI , нарадзілася некалькі гадоў таму, калі майстр Міхель Аффідата прыбыў з паломніцтвам на Ясную Гару і вырашыў ахвяраваць Маці Божай свой дар.

Менавіта тады ўзнікла думка вырабляць аўтарскія копіі карон кліментыйскіх«, – кажа а. Валігура. Айцец Марʼян дадае, што іх копіі выкананы на падставе двух гравюр, якія захаваліся да нашых дзён, малюнкаў і абразочка, якія сталі своеасаблівымі дакументамі «выгляду Маці Божай Яснагурскай ў XVIII стагоддзі».

Новая залатая карона будзе накладзена на абраз Чорнай Мадонны 28 ліпеня 2017 г., у першую гадавіну паломніцтва Папы Францішка на Ясную Гару.

Ватыканскае Радыё
пераклад Catholicnews.by

для друку для друку