Папа Францішак адказаў на пытанні журналістаў

papierzПапа Францішак падкрэсліў, што яго візіт на грэчаскі востраў Лесбас не быў «палітычным» і звязаным з нядаўнім пагадненнем па мігрантах паміж Еўрапейскім Саюзам і Турцыяй.

Падарожжа насіла «гуманітарны» характар, сказаў ён 16 красавіка 2016 г. падчас прэс-канферэнцыі на борце самалёта, вяртаючыся з Лесбаса ў Рым. Папа дадаў, што з разуменнем ставіцца да страху перад феноменам міграцыі з боку «урадаў, а таксама народаў», але нагадаў і пра абавязак гасціннасці.

Паводле Святога Айца, Еўропе неабходна тэрмінова рэалізоўваць праграмы па прыняцці мігрантаў і іх інтэграцыі ў грамадства. Неабходны таксама змены ў сістэме развіцця, працы і эканомікі. «Усё гэта масты, які дапамогуць нам перастаць будаваць муры», — лічыць ён.

Папа падкрэсліў, што тры мусульманскія сям’і, якія адправіліся разам з ім у Рым з лагера для бежанцаў, былі выбраны не па рэлігійнаму прызнаку, але па прычыне наяўнасці ў іх усіх неабходных дакументаў. Ён распавёў, што ў першапачатковым спісе былі дзве хрысціянскія сям’і, аднак у іх былі праблемы з дакументамі. Такім чынам гаворка не ідзе пра існаванне прывілеяў, бо адзіны прывілей, заключаецца ў тым, каб быць дзіцём Божым, сказаў Папа Францішак.

Для Святога Айца не існуе розніцы паміж людзьмі, якія ўцякаюць ад вайны і ад голаду, таму што і першае і другое з’яўляецца вынікам злоўжыванняў. Паводле Францішка, яго сустрэча з бежанцамі адносіцца да «маленькіх жэстаў», аб якіх казала яшчэ Маці Тэрэза з Калькуты і якія вельмі важныя. «Такія маленькія жэсты павінны чыніць мы ўсе, працягваючы руку тым, хто гэтага патрабуе», — сказаў Пантыфік.

Гаворачы пра сваю нядаўнюю адгартацыю «Amoris Laetitia» Францішак заўважыў, што СМІ звярнулі празмерную ўвагу на пытанне аб Камуніі для разведзеных, якія жывуць у новых несакрамэнтальных саюзах, аднак праігнаравалі іншыя рэчы, як напрыклад той факт, што «сям’я ва ўсім свеце знаходзіцца ў крызісе».

Ватыканскае радыё

для друку для друку