Папа Францішак узгадаў ахвяраў тэракту ў Егіпце

Святы Айцец памаліўся за егіпецкіх пілігрымаў, якія былі забітыя тэрарыстамі толькі таму, што былі хрысціянамі. Пра гэта ён сказаў 4 лістапада падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”.

“Я выказваю мой боль з-за тэракту, які два дні таму быў нанесены на копцкую праваслаўную царкву ў Егіпце. Я малюся за ахвяраў, за пілігрымаў, якія былі забітыя толькі за тое, што былі хрысціянамі, і прашу Святую Панну Марыю, каб суцешыла сем’і і ўсё грамадства”, — сказаў Папа.

Баевікі, з так званай “Ісламскай дзяржавы”, 2 лістапада адкрылі агонь па аўтобусе з копцкімі хрысціянамі, якія накіроўваліся ў манастыр Святога Самуіла. У выніку атакі загінулі 7 чалавекі, а 14 было параненых.

Копты ў апошні час неаднаразова падвяргаліся нападам баевікоў. Адказнасць за напады брала на сябе “Ісламская дзяржава”.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку