Папа Францішак заклікае маліцца за сем’і, каб не гублялі спакой

Будзем маліцца за сем’і, каб не згубілі спакой у гэты момант і маглі перажыць яго, застаючыся моцнымі і радаснымі, — заклікаў Папа Рымскі падчас ранішняй Эўхарыстыі, якую цэлебраваў 14 сакавіка ў Ватыкане.

На пачатку літургіі, якая трансліравалася ватыканскімі СМІ ў прамым эфіры, Папа Францішак скіраваў свае думкі да хворых і сем’яў, асабліва да тых, у якіх ёсць няпоўнаспраўныя асобы. Пантыфік заўважыў, што ў сувязі з каранцінам на плечы сем’яў кладзецца дадатковы цяжар, бо школы і цэнтры для інвалідаў зачынены. “Будзем маліцца, каб яны не згубілі спакою ў гэты момант і маглі перажыць яго, застаючыся моцнымі і радаснымі”, — сказаў ён.

Каментуючы евангельскую прыпавесць пра блуднага сына і міласэрнага айца (Лк 15,1-3.11-32), Папа звярнуў увагу на кантэкст, у якім Езус яе распавёў. Святое Пісанне кажа: “Набліжаліся да Езуса ўсе мытнікі і грэшнікі, каб слухаць Яго. А фарысеі і кніжнікі наракалі, кажучы: “Ён прымае грэшнікаў і есць з імі”.

Пантыфік падкрэсліў, што грэшнікі падыходзілі да Езуса моўчкі, бо хацелі Яго паслухаць. У сваю чаргу настаўнікі закону крытыкавалі, наракалі, імкнучыся аслабіць аўтарытэт Хрыста. Яны абвінавачвалі Езуса ў тым, што Ён есць з грэшнікамі, што з’яўляецца нячыстым. Прыпавесць стала адказам ім.

Святы Айцец заўважыў, што людзі, якія набліжаліся да Хрыста, бачылі ў Ім пастыра, лічылі сябе патрабуючымі збаўлення і дапамогі на жыццёвым шляху, а настаўнікі закону, у сілу сваёй адукаванасці, адчувалі сябе самадастатковымі і пагарджалі людзьмі, пагарджалі грэшнікамі.

Пантыфік падкрэсліў, што міласэрны айцец з евангельскай прыпавесці не меў такога пагардлівага стаўлення да сваіх дзяцей. Калі малодшы сын вырашыў пакінуць дом і папрасіў частку сваёй маёмасці, ён моўчкі выканаў гэтую просьбу. Таксама нічога не адказаў ён і на папрокі старэйшага сына. Айцец быў здольным моўчкі цярпець – адчуваў боль, але таксама ласкавасць і моцную любоў, быў чалавекам, здольным чакаць сваіх дзяцей.

Каментуючы гнеўную рэакцыю старэйшага сына Святы Айцец заўважыў, што ён жыў дома, але ніколі не ўсведамляў, што гэта значыць: выконваў свае абавязкі, рабіў сваю працу, але не разумеў, што такое адносіны з бацькам, прасякнутыя любоўю.

“Разгневаўся і не хацеў уваходзіць. Ён думаў: “Гэта ўжо не мой дом?” Таксама думалі і настаўнікі закону: “Непарадак, бо прыйшоў гэты грэшнік, яму зрабілі свята, а як жа мы?”. Айцец сказаў ясна: “Дзіця – ты заўсёды са мною, і ўсё маё – тваё”. Гэтага яго сын не заўважаў, бо жыў дома як у гасцініцы, не адчуваў бацькоўства. Ёсць вельмі шмат такіх “гасцінічных служачых” у доме Касцёла, якія лічаць сябе гаспадарамі”, — сказаў Папа Францішак.

Пантыфік заўважыў, што міласэрны айцец не папракаў свайго малодшага сына, але толькі абняў яго, пацалаваў і зрабіў свята. Гэтага было дастаткова, каб вызваліць яго ад фальшывага разумення бацькоўства, сыноўства, ладу жыцця.

“Я памятаю, як калісьці адзін мудры стары святар, цудоўны прапаведнік, місіянер, чалавек, які моцна любіў Касцёл, кажучы пра аднаго маладога ксяндза, занадта самаўпэўненага, які лічыў сябе вельмі таленавітым, лічыў, што мае шмат правоў у Касцёле, сказаў: “Я малюся за яго, каб Пан паклаў перад ім бананавую лупіну і дазволіў яму паслізнуцца. Гэта пойдзе яму на карысць”. Гэты святар хацеў сказаць штосьці, што можа паказацца блюзнерствам: “Яму пойдзе на карысць, калі саграшыць, бо павінен будзе прасіць прабачэння і знойдзе Айца”, — сказаў Францішак.

“Вельмі шмат нам кажа пра Бога гэтая прыпавесць, якая з’яўляецца адказам тым, хто крытыкываў Езуса, за тое, што хадзіў з грэшнікамі. Але таксама і сёння многія ў Касцёле крытыкуюць тых, якія набліжаюцца да патрабуючых, пакорных людзей, якія працуюць, таксама і для нас. Няхай Пан адорыць нас ласкай разумення гэтай праблемы. Гэта праблема заключаецца ў тым, што жывём у доме, але не адчуваем сябе дома, бо не маем бацькоўскіх, братэрскіх адносін, а толькі адносіны, як паміж калегамі па працы”, — закончыў гамілію Папа.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку